Сцяг Субота, 13 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 студзеня 2016, 15:47

Нацбанк расказаў, што ўплывае на рашэнне аб выдачы крэдыту

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рашэнне аб выдачы крэдытаў банкі прымаюць самастойна зыходзячы з ацэнкі многіх фактараў, пры гэтым звесткі з крэдытных гісторый не заўсёды можна лічыць вызначальным, паведаміў журналістам начальнік упраўлення "Крэдытны рэгістр" Нацбанка Віктар Пленкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У кожнага банка свае правілы, і менавіта банк прымае рашэнне - даваць крэдыт або не даваць. Мы можам толькі прыблізна сказаць, што калі ў вашай крэдытнай гісторыі рэйтынг А або В, то гэта вельмі добра. Адзінае, што можна напэўна сказаць: пры рэйтынгу D выдача крэдыту пад вялікім пытаннем. Аднак нельга адназначна сцвярджаць, што пры рэйтынгу, напрыклад, D1 нідзе не дадуць крэдыт. Такое рашэнне прымае непасрэдна банк", - адзначыў Віктар Пленкін.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацбанка Павел Зыль растлумачыў, што банкі распрацоўваюць патрабаванні для кожнага крэдытнага прадукту. Як правіла, чым большы памер крэдыту (напрыклад, на куплю нерухомай маёмасці), тым больш жорсткія ўмовы яго атрымання.

"Кожны банк сам вызначае крытэрыі для ацэнкі патэнцыяльнага крэдытаатрымальніка. Крэдытны рэйтынг - гэта агульная гісторыя таго, як чалавек выконваў свае абавязацельствы ў мінулым. Крэдытны рэгістр не можа ўплываць на канчатковае рашэнне аб выдачы або нявыдачы крэдыту, усё ж такі рашэнне прымае сам банк з улікам выбранага крэдытнага прадукту", - рэзюмаваў Павел Зыль.

У Беларусі з'явіўся партал крэдытнага рэгістра creditregister.by, дзе можна даведацца аб сваёй крэдытнай гісторыі ў рэжыме анлайн. Сярод іншай інфармацыі названы і крэдытны рэйтынг.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі