Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 ліпеня 2019, 12:44

Нацбанк: фактары, што падштурхоўвалі інфляцыю, слабеюць, арыенцір у памеры 5 працэнтаў захоўваецца

10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фактары, якія падштурхоўвалі інфляцыю, слабеюць, арыенцір у памеры 5 працэнтаў у гадавым выражэнні захоўваецца, паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Сяргей Калечыц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы гаварылі неаднаразова, што чакалі ў першым паўгоддзі таго факта, што ў гадавым выражэнні інфляцыя будзе знаходзіцца вышэй за мэту, якая вызначана на год. Але якраз тыя фактары, якія падштурхоўвалі інфляцыю, слабеюць, мы бачым гэта ў апошнія месяцы. Таму лічым, што будзем знаходзіцца паблізу нашай мэты - 5 працэнтаў", - сказаў Сяргей Калечыц.

Паводле яго слоў, на рост інфляцыі аказвалі ўплыў фактары, звязаныя з вытворчасцю сельгаспрадукцыі, адставаннем росту прадукцыйнасці працы ад заработнай платы, а таксама знешнія фактары.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці павышэння стаўкі рэфінансавання з улікам інфляцыі, намеснік старшыні Нацбанка растлумачыў, што пры разглядзе пытання ўзроўню стаўкі прымаецца пад увагу ўвесь спектр фактараў і прагнозаў. "У прынцыпе, магчымасці змянення або захавання ставак заўсёды вызначаюцца балансам фактараў. Складнікі гэтага балансу мяняюцца, мы іх ацэньваем і зробім адпаведныя высновы", - сказаў ён.

Як паведамлялася, інфляцыя ў Беларусі ў маі 2019 года склала 0,3 працэнта, май 2019-га да мая 2018-га - 6,2 працэнта. Мэтавы арыенцір Нацбанка - інфляцыя не большая за 5 працэнтаў (снежань 2019 года да снежня 2018 года).

Стаўка рэфінансавання знаходзіцца на ўзроўні 10 працэнтаў (наступнае пасяджэнне праўлення Нацбанка па грашова-крэдытнай палітыцы, дзе будзе прымацца рашэнне па стаўцы, запланавана на 7 жніўня).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі