ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Аўторак, 18 лютага 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +4°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 студзеня 2020, 09:29

Нарвежская нафта пачала паступаць на "Нафтан"

27 студзеня, Наваполацк /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першая партыя нарвежскай нафты паступіла раніцай 26 студзеня ў Наваполацк для перапрацоўкі ў ААТ "Нафтан", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З Клайпедскага порта чыгункай 26 студзеня ў 8.10 на станцыю "Наваполацк" прыбыў састаў з 59 цыстэрнаў агульным аб'ёмам каля 3,5 тыс.т. Цалкам уся партыя нарвежскай нафты (86 тыс. т), дастаўленая суднам Breiviken, павінна паступіць на прадпрыемства на працягу бліжэйшых двух тыдняў.

"Адлегласць ад нарвежскага берага, дзе праходзіла пагрузка ў танкер, да нашага прадпрыемства, а гэта 2,3 тыс. км, нафта пераадолела менш чым за 7 сутак. Першы састаў з порта Клайпеды дасягнуў станцыі "Наваполацк" на працягу сутак. Цяпер пачынаюцца пэўныя тэхналагічныя аперацыі па зліву нафты, падрыхтоўцы для перапрацоўкі, і непасрэдна пасля гэтага мы пачнём яе перапрацоўваць. Астатняя частка танкернай партыі будзе дастаўляцца рытмічна па аднаму-двух саставах у суткі", - паведаміў генеральны дырэктар ААТ "Нафтан" Аляксандр Дзямідаў.

Паводле яго слоў, нарвежскі гатунак паўночнаморскай нафты, якую атрымала прадпрыемства, называецца Johan Sverdrup. Ён здабываецца на нарвежскім кантынентальным шлейфе ў прамысловых маштабах з чацвёртага квартала 2019 года. "Якасць гэтай нафты даволі цікавая. У свеце гэты гатунак ужо называюць канкурэнтам расійскага Urals. На рынак ён выйшаў даволі ўпэўнена за кошт сваіх якасных характарыстык. Напрыклад, колькасць серы ў саставе гэтай нафты ў два разы меншая, чым ва Urals, а выхад светлых нафтапрадуктаў пры яе перапрацоўцы, як паказаў лабараторны аналіз, крыху вышэйшы, чым пры перапрацоўцы Urals. Гэта значыць патэнцыял і перспектыва ў прынцыпе, на мой погляд, у гэтага гатунку ў параўнанні з Urals вельмі сур'ёзныя", - канстатаваў кіраўнік.

Гаварыць больш прадметна аб далейшых перспектывах выкарыстання нарвежскай нафты, на думку Аляксандра Дзямідава, можна будзе пасля правядзення ўсіх аналізаў. "Мы ўзялі гэты гатунак першы раз, цяпер адпрацуем усе аспекты, пачнецца яго перапрацоўка на тэхналагічных устаноўках, пасля гэтага зробім тэхналагічныя высновы наконт далейшай работы. На наш погляд, гэта нядрэнны гатунак. Важны і той аспект, што набываецца сыравіна без пасрэднікаў, непасрэдна ў адной з кампаній, якая ўдзельнічае ў праекце па здабычы нафты на нарвежскім шлейфе. Да таго ж у нас склаліся добрыя адносіны з пастаўшчыкамі", - дадаў гендырэктар.

Аляксандр Дзямідаў падкрэсліў, што перад прадпрыемствам у любым выпадку пастаўлена задача на сістэмнай аснове пастаўляць альтэрнатыўную сыравіну. "Гэтым мы цяпер і займаемся. У нас ёсць база даных тэхнічных гатункаў, цяпер мы яе аптымізуем, глядзім новыя гатункі, якія з'яўляюцца на рынку, вылучаем сярод іх найбольш аптымальныя з пункту гледжання тэхналагічных параметраў і эканомікі. Зыходзячы з гэтага, і будзем вызначацца далей па доўгатэрміновай праграме", - рэзюмаваў кіраўнік.

Пасля завяршэння неабходных аперацый па ўваходным кантролі якасці нафты першыя тоны паступілі ў рэзервуары "Нафтана".

Расія з 1 студзеня спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці па цане. Беларускія НПЗ (Мазырскі НПЗ і "Нафтан") знізілі загрузку да тэхналагічнага мінімуму. 4 студзеня "Белнафтахім" паведаміў аб дамоўленасці з расійскай кампаніяй на пастаўку першай партыі нафты, якая закупляецца па цане без прэміі. Ва ўрадзе заяўлялі, што вывучаюцца ўсе магчымыя варыянты альтэрнатыўных паставак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі