
20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На грамадскае абмеркаванне вынесены праект пастановы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства фінансаў, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі "Аб устанаўленні структуры і фармату электронных накладных і іншых дакументаў пры ажыццяўленні ўзаемнага гандлю", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Праект пастановы накіраваны на ўдасканаленне фармату і структуры, парадку стварэння і выкарыстання электронных таварна-транспартных і таварных накладных, а таксама іншых электронных таварасуправаджальных дакументаў і паведамленняў, у тым ліку неабходных для міжкраінавага электроннага дакументаабароту ў рамках развіцця ўзаемнага гандлю з іншымі дзяржавамі (ЭТД). Таксама праект дакумента распрацаваны для вызначэння парадку дзеянняў EDI-правайдараў па прыёме і перадачы такіх дакументаў.
У прыватнасці, у праекце абазначаны тэхнічныя асаблівасці фарміравання ЭТД у частцы выкарыстання механізмаў электроннага лічбавага подпісу (ЭЛП), у тым ліку замежнага з удзелам нацыянальнага аператара даверанага трэцяга боку. Пацвярджэнне цэласнасці і сапраўднасці транспартных і іншых дакументаў шляхам прымянення сертыфікаваных сродкаў ЭЛП з выкарыстаннем сертыфікатаў адкрытых ключоў ажыццяўляецца ў выпадку, калі грузаадпраўшчыкам з'яўляецца суб'ект гаспадарання Беларусі. У выпадку калі транспартны і іншы дакумент падпісаны ЭЛП суб'екта гаспадарання - нерэзідэнта Беларусі, то працэдура ўстанаўлення даверу выконваецца аператарам даверанага трэцяга боку (РУП "НЦЭП").
У структуры электроннага транспартнага паведамлення ўдакладнены патрабаванні аб абавязковасці выкарыстання міжнародных ідэнтыфікатараў удзельнікаў гаспадарчай аперацыі і тавараў.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
З 20 па 29 лістапада свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі альбо накіраваць арганізатару грамадскага абмеркавання на электронны адрас info@ids.by з паметкай "Абмеркаванне праекта пастановы".-0-