Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 красавіка 2021, 13:58

Найноўшы выпрабавальны стэнд установяць на Мінскім маторным заводзе

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод прадаўжае мадэрнізацыю вытворчасці і ўкараненне новых тэхналогій. У прыватнасці, на прадпрыемстве плануецца ўстанавіць найноўшы выпрабавальны стэнд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ММЗ.

"Сучасны высокатэхналагічны выпрабавальны стэнд з сістэмай аўтаматызаванага кіравання для выпрабаванняў рухавікоў магутнасцю да 240 кВт будзе ўстаноўлены на Мінскім маторным заводзе. На новым абсталяванні будуць праводзіцца доследна-канструктарскія работы і выпрабаванні рухавікоў высокіх экалагічных узроўняў, у тым ліку Еўра-6 і Stage 5", - адзначылі ў прэс-службе.

Кантракт на пастаўку абсталявання заключаны з аўстрыйскай фірмай, якая выйграла тэндар. "Супрацоўніцтва з аўстрыйскай кампаніяй для ММЗ не новае, у адным з боксаў эксперыментальнага цэха ў мінулым годзе ўжо была ўстаноўлена сістэма для ацэнкі эмісіі завіслых часціц у адпрацаваных газах рухавіка колькасным метадам APC xApp і газааналітычная сістэма SESAM i60. Абедзве зарэкамендавалі сябе як абсталяванне вышэйшага класа", - растлумачылі на прадпрыемстве.

Новы выпрабавальны стэнд дасць магчымасць праводзіць выпрабаванні па вызначэнні тэхніка-эканамічных і экалагічных паказчыкаў рухавікоў. Выпрабавальны бокс будзе аснашчаны сістэмамі для нагрузкі і забеспячэння работы рухавіка і вымяральным абсталяваннем для вымярэння выкідаў шкодных рэчываў у адпрацаваных газах.

Акрамя таго ў боксе будзе зманціравана вялікая колькасць дапаможнага абсталявання, якое забяспечвае магчымасць задання патрэбных умоў выпрабаванняў. У прыватнасці, у складзе стэнда будзе сістэма кандыцыянавання паветра на ўпуску ў рухавік з кантролем тэмпературы і вільготнасці. Ідэальна прадуманая сістэма выпрабаванняў рухавікоў дае магчымасць кантраляваць якасць вытворчасці і тэсціраваць рухавікі на адпаведнасць самым вышэйшым нормам экалагічнага класа, еўрапейскага ўзроўню.

"Да моманту запуску на Мінскім маторным заводзе гэтага вельмі складанага сучаснага абсталявання трэба будзе выканаць вялікі аб'ём работ. Паміж ММЗ і фірмай-вытворцам узгоднена вялікая наменклатура пастаўкі. Адначасова з гэтым на заводзе ідзе падрыхтоўка памяшкання і неабходных камунікацый. Павінны быць выкананы ўсе неабходныя патрабаванні для ўстаноўкі такога складанага і высокадакладнага абсталявання: заніраванне, дэталёвая планіроўка, строгае захаванне норм аховы працы, бяспекі", - расказалі ў прэс-службе.

Мантаж механічнай і электрычнай частак, пусканаладачныя работы будуць праводзіцца пры непасрэдным удзеле аўстрыйскіх спецыялістаў. Яны ж зоймуцца падрыхтоўкай нашых інжынераў і выпрабавальнікаў для работы на гэтым сучасным абсталяванні.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вытворчасці сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую і лесаўборачную тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў у Беларусі, краінах СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі