Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 лютага 2020, 19:28

Нафтахімія, прамкааперацыя, транспартныя праекты - Сямашка наведаў Татарстан

5 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Перспектыўныя напрамкі актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана абмяркоўваліся сёння ў ТАА "ГВК МТЗ-Татарстан" у Елабузе на сустрэчы пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі з намеснікам прэм'ер-міністра - міністрам прамысловасці і гандлю Татарстана Альбертам Карымавым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

"Уладзімір Сямашка выказаў удзячнасць Альберту Карымаву за асаблівую ўвагу, якую ён аказвае пытанням супрацоўніцтва Татарстана з Беларуссю, - адзначылі ў прэс-службе. - Пасол падкрэсліў, што важным механізмам, які садзейнічае нарошчванню аб'ёмаў узаемнага гандлю, з'яўляюцца дамоўленасці адносна беларуска-татарстанскага супрацоўніцтва, дасягнутыя ў час візіту прэзідэнта Татарстана Рустама Мініханава ў Беларусь у снежні 2019 года, а таксама пратакол 7-га пасяджэння рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Татарстана".

"Вынікі сумеснай работы наглядна дэманструюць паказчыкі сумеснага тавараабароту, які ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі па выніках 2018 года склаў амаль $1,3 млрд і павялічыўся на 7,6 працэнта. Больш таго, дасягнуты яго рэкордны аб'ём з 2013 года", - канстатаваў Уладзімір Сямашка. Нягледзячы на тое, што ў 2019 годзе дынаміка тавараабароту паміж бакамі знізілася, склаўшы $1,2 млрд, у Беларусі і Татарстана ёсць патэнцыяльныя магчымасці па пераадоленні гэтай негатыўнай тэндэнцыі і выхаду на ўзровень тавараабароту больш як $2 млрд у год, лічыць дыпламат.

Асновай узаемадзеяння, на думку Уладзіміра Сямашкі, было і застаецца супрацоўніцтва ў прамысловай сферы. Ключавым напрамкам з'яўляецца кааперацыйнае супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі нафтахімічнага комплексу, на долю якіх прыпадае каля 50 працэнтаў узаемнага тавараабароту. "Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў сферы машынабудавання. Перш за ўсё, гэта пастаўкі трактарнай, пасажырскай і сельскагаспадарчай тэхнікі", - заўважыў ён.

Парк сельгастэхнікі Татарстана амаль на 60 працэнтаў укамплектаваны трактарамі МТЗ, больш як 60 працэнтаў кормаўборачных і 40 працэнтаў збожжаўборачных камбайнаў - тэхніка завода "Гомсельмаш". Парк пасажырскай тэхнікі Казані складаецца больш як на 50 працэнтаў з аўтобусаў МАЗ і трамваяў "Белкамунмаша". ААТ "БАТЭ" ажыццяўляе пастаўкі аўтакампанентаў на канвеер КАМАЗа.

"На думку пасла, ёсць добрыя перспектывы для ўзаемадзеяння ў газаматорнай сферы, - паведамілі ў прэс-службе. - У першую чаргу, гэта сумесныя праекты ў сферы пасажырскага транспарту, трактарабудавання, якія рэалізуюцца кампаніяй "РарыТЭК" сумесна з МАЗ, МТЗ і Мінскім маторным заводам. Бакі таксама абмеркавалі пытанні рэалізацыі праекта па стварэнні на вытворчай базе "ГВК МТЗ-Татарстан" беларуска-татарстанскага прамысловага кластара".

Уладзімір Сямашка таксама ўручыў ключы ад пяці вялікагрузаў МАЗ вадзіцелям транспартна-лагістычнага цэнтра "ГВК МТЗ-Татарстан".

У Татарстане функцыянуюць зборачныя вытворчасці беларускай тэхнікі (трактароў МТЗ, ліфтаў "Магілёўліфтмаш"); працуюць чатыры прадпрыемствы з удзелам беларускага капіталу (ТАА "ГВК МТЗ-Татарстан", ТАА "Амкадор-Бел", ТАА "Гандлёвы дом "Маладзечнамэбля", прадстаўніцтва холдынга "Пінскдрэў"), арганізавана дылерская сетка беларускіх прадпрыемстваў ("Гомсельмаша", МТЗ, "Магілёўліфтмаша", МАЗ, "Амкадора", Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання).

ТАА "ГВК МТЗ-Татарстан" з'яўляецца афіцыйным дыстрыб'ютарам ААТ "МТЗ" у Расіі. Кампанія займаецца сэрвісным абслугоўваннем, а таксама мае ўласную вытворчую базу. Ёсць уласнае транспартна-лагістычнае падраздзяленне. З 2003 года да гэтага часу на рынак Расіі кампаніяй пастаўлена больш як 15 тыс. трактароў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі