Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лютага 2019, 14:35

Набор персаналу для работы на Нежынскім ГАКу плануюць пачаць у 2021 годзе

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ЗТАА "Славкалій" у 2021 годзе плануе пачаць набор персаналу для работы на ўзводзімым Нежынскім горна-абагачальным комплексе ў Любанскім раёне, паведамілі БЕЛТА ў кампаніі.

Набор персаналу завершыцца да 2023 года. Усяго плануецца працаўладкаваць больш за 1,5 тыс. чалавек. У прыватнасці, для горназдабыўнога цэха спатрэбіцца больш за 600 спецыялістаў (горныя інжынеры, тэхнікі, механікі, электрамеханікі і маркшэйдары), а таксама рабочыя рознага пофілю (машыністы горнавыемчатых машын, горнарабочыя ачышчальнага забою, крапільшчыкі, электраслесары і слесары, узрыўнікі, вадзіцелі падземнага спецтранспарту). Штат цэха абагачальнай фабрыкі складзе каля 300 чалавек: інжынеры-тэхнолагі, інжынеры-хімікі, а таксама рабочы персанал з машыністаў канвеераў, аператараў пульта кіравання і апаратчыкаў розных працэсаў.

Як адзначыў намеснік дырэктара па вытворчасці "Славкалія" Ігар Кожыч, жадаючым атрымаць працаўладкаванне на вытворчасці Нежынскага ГАКа патрэбны час, каб прайсці курс навучання ў профільных навучальных установах і стажыроўку на прадпрыемстве. "Наша задача - паведаміць аб гэтым загадзя", - дадаў ён. Разглядаецца варыянт супрацоўніцтва са спецыялістамі пэўнага профілю на аўтсорсінгу.

Як паведамлялася, у верасні 2015 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў урачыста заклалі капсулу ў азнаменаванне пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу на базе Старобінскага радовішча калійных солей. Гэта будзе другое прадпрыемства ў Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 млн т хларыду калію ў год. Інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Будаўніцтва ГАКа запушчана ў 2016 годзе. Рэалізуе праект ЗТАА "Славкалій".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі