Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 лістапада 2022, 13:34

На пляцоўцы імпартазамяшчэння БУТБ працуюць кампаніі з 10 рэгіёнаў Расіі

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З моманту запуску пляцоўкі імпартазамяшчэння Беларускай універсальнай таварнай біржы ў канцы мая 2022 года на ёй ужо заключылі здзелкі кампаніі з 10 рэгіёнаў Расіі. Пры гэтым расіяне выступаюць як у якасці прадаўцоў, так і пакупнікоў імпартазамяшчальных тавараў. Аб гэтым сказаў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Аляксандр Башлій падчас круглага стала "Расія - Беларусь. Новыя магчымасці супрацоўніцтва", які адбыўся ў рамках форуму "Расійскі прамысловец" у Санкт-Пецярбургу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

"Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй у сферы біржавога гандлю імпартазамяшчальнымі таварамі дынамічна развіваецца. Нашай гандлёвай платформай ужо скарысталіся кампаніі з Маскоўскай, Ленінградскай, Смаленскай, Белгародскай, Валгаградскай, Тульскай, Арлоўскай, Новасібірскай і Ніжагародскай абласцей, а таксама з Рэспублікі Татарстан. Асноўны аб'ём здзелак прыпаў на такія групы тавараў, як электраабсталяванне, асвятляльныя прыборы, мэбля і вырабы з пластмас. Уся гэта прадукцыя ў роўнай ступені запатрабавана і ў Беларусі, і ў Расіі, таму расійскія ўдзельнікі працавалі ў абодвух напрамках - на куплю і на продаж. У вартасным выражэнні тавараабарот па імпартазамяшчальных пазіцыях склаў больш за 290 млн расійскіх рублёў", - заявіў Аляксандр Башлій.

У цэлым у бягучым годзе беларуска-расійскі біржавы гандаль дэманструе высокія тэмпы росту - галоўным чынам у сувязі з прыходам на біржавую пляцоўку значнай колькасці новых кампаній з Расіі.

"Калі раней расійскія прадпрыемствы аддавалі перавагу пазабіржавым схемам работы на беларускім рынку, то цяпер мы назіраем іншую тэндэнцыю - стабільны прыток новых удзельнікаў таргоў з Расіі. З пачатку года ў нас акрэдытаваліся амаль 300 рэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі, або каля 10 працэнтаў ад агульнай колькасці расійскіх кліентаў біржы. У выніку сума здзелак з удзелам расіян за студзень-кастрычнік дасягнула амаль 10 млрд расійскіх рублёў, што на 80 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд 2021 года. Зразумела, гэта далёка не мяжа, і да канца года мы плануем выйсці на яшчэ больш высокія паказчыкі", - падкрэсліў Аляксандр Башлій.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі