Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 студзеня 2020, 15:49

На арганізаваных "Белінтэрэкспа" замежных выстаўках у 2019 годзе заключана кантрактаў на $217,6 млн

14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сума кантрактаў, заключаных у час удзелу беларускіх кампаній у замежных выстаўках, аператарам якіх стала ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, у 2019 годзе перасягнула $217 млн. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар прадпрыемства Яўген Увядзенскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Яўген Увядзенскі адзначыў, што ў 2019 годзе "Белінтэрэкспа" выступіла аператарам 34 выставак і экспазіцый за мяжой. Гэта на трэць больш, чым у 2018-м. У прыватнасці, упершыню былі арганізаваны экспазіцыі ў такіх краінах, як Ангола, Нігерыя, Зімбабвэ, Манголія. Палавіна мерапрыемстваў праведзена ў краінах далёкай дугі. "Што датычыцца ацэнкі вынікаў удзелу ў гэтых мерапрыемствах, то вядомыя нам падпісаныя кантракты сумарна ацэньваюцца ў памеры $217,6 млн", - сказаў Яўген Увядзенскі.

Найбольш рэзультатыўным, паводле яго слоў, для айчынных кампаній стаў удзел у міжнароднай выстаўцы China International Import Expo ў Шанхаі (Кітай), у час якой былі заключаны кантракты амаль на $173 млн. Сумы кантрактаў, падпісаных на міжнародных выстаўках Gulfood у Дубаі (ААЭ) і Made in Belarus у Алматы (Казахстан), склалі па $12 млн.

Пры гэтым Яўген Увядзенскі звярнуў увагу, што часта на саміх выстаўках усталёўваюцца толькі першыя кантакты, далей ідзе перыяд перагавораў, і толькі пасля гэтага могуць быць заключаны кантракты. "Такім чынам, лічбы павялічваюцца ў шмат разоў", - адзначыў ён.

Усяго ў праведзеных у 2019 годзе мерапрыемствах за мяжой прынялі ўдзел 254 беларускія прадпрыемствы. Некаторыя з іх неаднаразова. Агульная выставачная плошча беларускіх экспазіцый у час усіх гэтых форумаў склала больш за 5 тыс. кв.м.

Найбольшую цікавасць да такіх мерапрыемстваў, паводле даных "Белінтэрэкспа", праяўляюць кампаніі такіх галін, як вытворчасць прадуктаў харчавання і напіткаў, дрэваапрацоўка, машынабудаванне, хімія і нафтахімія, ахова здароўя, фармацэўтыка, транспарт і лагістыка. Часта прадстаўляюцца за мяжой і навуковыя распрацоўкі і тэхналогіі.

"Нашы экспазіцыі з'яўляюцца ўжо больш, чым проста выставачнымі мерапрыемствамі, - адзначыў Яўген Увядзенскі. - Гэта сур'ёзная маркетынгавая падтрымка. Мы забяспечваем усе нашы прадпрыемствы інфармацыяй аб рынку краіны, якую яны плануюць наведаць, аб цэнавай палітыцы, патэнцыяльных партнёрах. Запрашаем гэтых патэнцыяльных партнёраў, вядзём рэкламную і інфармацыйную кампанію, арганізуем шэраг мерапрыемстваў, такіх як семінары-кансультацыі, роўд-шоу, дзе можна атрымаць неабходную інфармацыю, B2B-семінары, а таксама наведванне розных вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў".

Цяпер ідзе работа над удасканаленнем канцэпцыі ўдзелу Беларусі ў выстаўках за мяжой, адзначыў дырэктар "Белінтэрэкспа". "Хутчэй за ўсё, яна будзе сур'ёзна зменена, і нашы экспазіцыі нацыянальных вытворцаў будуць называцца інакш. Гэта будуць экспартныя місіі Беларусі, што ў большай ступені адлюструе сутнасць таго, што мы робім".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі