Сцяг Пятніца, 13 лістапада 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 лістапада 2026, 13:01

На 2027 год устаноўлены больш напружаныя параметры - Нацбанк аб грашова-крэдытнай палітыцы

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чым вызначаюцца асноўныя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі ў 2027 годзе, расказаў журналістам першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў перад пашыраным пасяджэннем праўлення, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сваёй рабоце Нацыянальны банк дзейнічае ў рамках сістэмнага падыходу. У нас ёсць асноўныя дакументы. Гэта праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку, у якой зацверджаны шэраг параметраў, у тым ліку па развіцці фінансавага сектара. Таксама ёсць праграма дзейнасці Нацыянальнага банка і фінансавага сектара краіны на пяць гадоў. Мы абавязаны выконваць тыя паказчыкі, якія нам даведзены, у тым ліку Усебеларускім народным сходам", - расказаў Аляксандр Ягораў.
"Калі гаварыць канкрэтна пра асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2027 год, то там захавана пераемнасць. Устаноўлены тыя ж параметры, што на 2026 год, але больш напружаныя. Калі ў 2026 годзе мэта па інфляцыі была не вышэй за 7%, то на 2027-ы - не вышэй за 6%. Вызначаны больш высокі мінімальны ўзровень золатавалютных рэзерваў, які мы павінны мець на канец 2027 года, - не менш як $12,8 млрд. Па даступнасці плацежных сістэм, інфраструктуры паказчык той жа - 99,8%. Таксама вызначаны паказчыкі росту інвестыцыйнага крэдытавання. Гэта галоўная мэта. Інвестыцыйнае фінансаванне нацэлена на вызначаныя Прэзідэнтам задачы - рост інвестыцый і ВУП", - паведаміў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Ён падкрэсліў, што ўсе ўстаноўленыя параметры адпавядаюць задачам, якія вызначаны ў стратэгічных дакументах. "Упэўнены, што гэтыя паказчыкі будуць выкананы", - дадаў Аляксандр Ягораў.

Ён таксама ацаніў ход выканання беларускімі банкамі мэтавых паказчыкаў, вызначаных для іх на бягучы год. "З абавязковых - гэта аб'ём выдачы інвестыцыйных крэдытаў, доля крэдытаў фізічным асобам на тавары айчыннай вытворчасці, паказчыкі, звязаныя з ростам дэпазітаў на тэрмін звыш аднаго года, доляй дэпазітаў на тэрмін звыш трох гадоў. У цэлым мы бачым, што гэтыя паказчыкі па банкаўскай сістэме выконваюцца. Лічым, што банкі спраўляюцца з пастаўленымі задачамі", - абазначыў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

"Калі гаварыць пра 2027 год, то шэраг параметраў ужо вызначаны, і, зразумела, ён будзе таксама даведзены банкам. Перш за ўсё гэта рост аб'ёму выдачы інвестыцыйных крэдытаў. Таксама мы вызначылі, якая ў нас будзе доля крэдытаў на тавары айчыннай вытворчасці ў агульнай выдачы крэдытаў фізічным асобам, які ў нас будзе аб'ём дэпазітаў з тэрмінам звыш трох гадоў. Прыкладна вызначылі тэмпы росту сярэдняй рублёвай грашовай масы", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Ягораў.-0-

Фота Віталя Піваварчыка
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі