
29 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі трэба сфарміраваць дарожныя карты супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. Аб гэтым заявіў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі Міністэрства замежных спраў Ігар Белы пасля нарады ва ўрадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ён адзначыў, што ў ходзе нарады былі скаардынаваны далейшыя крокі па развіцці супрацоўніцтва на афрыканскім напрамку. "Нам неабходна працаваць у тых краінах, у якіх нас чакаюць. Мы павінны прыязджаць, праводзіць сустрэчы на максімальна высокім узроўні і фарміраваць дарожныя карты, шукаць канкрэтныя праекты, якія могуць быць рэалізаваны. Зацвярджэнне дарожных карт павінна быць на ўзроўні ўрада або кіраўніцтва краіны - тады будзе атрыманы практычны рэзультат", - падкрэсліў Ігар Белы.
Ён абазначыў асноўныя напрамкі работы на Афрыканскім кантыненце. "Гэта медыцына, адукацыя, забеспячэнне харчовай бяспекі краін Афрыкі, пастаўка сельгастэхнікі, прамысловая кааперацыя. Таксама будуць развівацца і іншыя напрамкі", - адзначыў прадстаўнік МЗС.
"Наша работа ў Афрыцы мае сістэмны характар. Яна ажыццяўляецца ў асноўным праз нашы замежныя ўстановы. Цяпер іх працуе пяць - ПАР, Егіпет, Кенія, Нігерыя, нядаўна адкрылі Зімбабвэ. Спадзяюся, у бліжэйшы час мы будзем пашыраць нашу прысутнасць. МЗС і прадстаўнікі іншых органаў дзяржкіравання пастаянна наведваюць краіны Афрыкі, мы шукаем новыя кропкі росту. Ездзім не толькі ў тыя краіны, якія з'яўляюцца нашымі апорнымі пунктамі ў Афрыцы, вывучаем і "неўзаранае поле". Што датычыцца паставак тавараў, то гэта залежыць ад кожнай краіны асобна - ад геаграфічнага становішча (ці ёсць выхад да мора), стану эканомікі ў цэлым і той ці іншай галіны ў прыватнасці", - удакладніў Ігар Белы.
Ён звярнуў увагу на тое, што краіны Афрыкі займаюць усё большае месца ў парадку дня міжнароднага супрацоўніцтва. "Аб гэтым сведчаць візіты на вышэйшым і высокім узроўні, а таксама актыўнасць камерцыйных структур. За тры месяцы міністр замежных спраў прыняў удзел у трох міжнародных мерапрыемствах і правёў больш за 20 сустрэч і перагавораў з прадстаўнікамі Афрыканскага кантынента. І не ўсе сустрэчы былі ініцыяваны нашым бокам. Прадстаўнікі афрыканскіх краін выказвалі зацікаўленасць у рабоце з Беларуссю, яны добра інфармаваны аб той прадукцыі, якую мы выпускаем. Яны з захапленнем гаварылі аб тым, як мы процістаім санкцыйнаму націску ў гэты цяжкі час", - адзначыў прадстаўнік МЗС.-0-