Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 мая 2024, 14:10

МЗС Беларусі і БУТБ вызначылі напрамкі супрацоўніцтва
 

Фота прэс-службы БУТБ
Фота прэс-службы БУТБ
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ключавыя напрамкі супрацоўніцтва з улікам узаемных інтарэсаў і актуальных задач вызначаны па выніках сустрэчы першага намесніка міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Лукашэвіча са старшынёй праўлення Беларускай універсальнай таварнай біржы Аляксандрам Асмалоўскім, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

У прыватнасці, з мэтай павышэння інфармаванасці кіраўнікоў пасольстваў і консульскіх устаноў Беларусі за мяжой аб магчымасцях і перавагах біржавога механізма плануецца аднавіць практыку правядзення ў цэнтральным офісе БУТБ штогадовых інфармацыйна-навучальных семінараў па пытаннях біржавога гандлю. Гэта дасць магчымасць дыпламатам не толькі азнаёміцца з дзейнасцю БУТБ, асаблівасцямі ўдзелу ў біржавых таргах і важнейшымі тэндэнцыямі ў гэтай сферы, але і навучыцца прымяняць біржавыя інструменты пры выкананні сваіх службовых абавязкаў.

Паводле слоў старшыні праўлення БУТБ Аляксандра Асмалоўскага, за 19 гадоў біржа набыла каласальны вопыт у сферы трансгранічнага электроннага гандлю і гатова дзяліцца сваімі напрацоўкамі і інструментарыем з кіраўнікамі дыппрадстаўніцтваў. "Функцыі біржы не абмяжоўваюцца арганізацыяй і правядзеннем таргоў. Мы ўжо даўно прайшлі гэты этап і на сёння прапануем беларускім прадпрыемствам інтэграванае лічбавае рашэнне, што ўключае ў сябе ўвесь комплекс гандлёвых, маркетынгавых і аналітычных інструментаў. Упэўнены, што існуючыя ў нас рэсурсы, магчымасці і экспертныя веды будуць карысны супрацоўнікам загранустаноў Беларусі ў іх штодзённай рабоце па пашырэнні эканамічных інтарэсаў нашай краіны за мяжой", - падкрэсліў кіраўнік біржы.
Акрамя таго, БУТБ і МЗС дамовіліся аб'яднаць намаганні па далейшым пашырэнні геаграфіі біржавога гандлю з акцэнтам на краінах далёкай дугі, дзе ў БУТБ яшчэ няма акрэдытаваных удзельнікаў альбо аб'ёмы заключаных здзелак не адпавядаюць існуючаму патэнцыялу гандлёва-эканамічных адносін. Прадугледжваецца, што ў рамках гэтага напрамку сумеснай работы МЗС будзе пры неабходнасці прадастаўляць БУТБ інфармацыйную падтрымку, а таксама аказваць садзейнічанне ў арганізацыі бізнес-мерапрыемстваў і ўстанаўленні кантактаў з прадстаўнікамі замежных дзелавых колаў.

Як адзначыў Сяргей Лукашэвіч, БУТБ заўсёды можа разлічваць на дапамогу МЗС у пытаннях міжнароднага гандлю, паколькі ад эфектыўнасці функцыянавання біржавой платформы шмат у чым залежаць і экспартныя паказчыкі краіны, што таксама ўваходзіць у зону адказнасці міністэрства.

"Біржа, безумоўна, з'яўляецца значным эканамічным механізмам, які непасрэдна ўплывае на працэсы цэнаўтварэння і размеркавання стратэгічных таварных рэсурсаў. Пры гэтым біржа ўносіць важкі ўклад у рэалізацыю экспартнага патэнцыялу краіны. Для нас як знешнегандлёвага ведамства гэта асабліва важна, таму мы адкрыты для любых прапаноў па развіцці і ўмацаванні нашага супрацоўніцтва", - заявіў першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Фота прэс-службы БУТБ
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі