Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 чэрвеня 2022, 17:04

МЗС Беларусі: гандаль з Лацінскай Амерыкай дэманструе ўстойлівы рост

28 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Гандаль Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі дэманструе ўстойлівы рост, аднак яго ўзровень не ў поўнай меры адпавядае рэальным магчымасцям бакоў. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў на Беларуска-лацінаамерыканскім форуме, які арганізаваны сёння ў Маскве на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нягледзячы на наступствы пандэміі, якая вельмі негатыўна паўплывала на ўсю сусветную эканоміку, гандаль Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна дэманструе ўстойлівы рост, - канстатаваў Яўген Шэстакоў. - Па выніках 2021 года тавараабарот Беларусі з Лацінаамерыканскім рэгіёнам склаў $1328,8 млн і вырас у параўнанні з 2020 годам на 5,9 працэнта, беларускі экспарт у лацінаамерыканскія краіны павялічыўся на 24,2 працэнта і склаў $868,4 млн. Аснову экспарту Беларусі сфарміравалі прадукцыя хімічнай галіны, машынабудавання і металургіі".

Яўген Шэстакоў падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена не толькі ў гандлі таварамі, але і ў экспарце паслуг. "Беларусь зацікаўлена не толькі ў пашырэнні таварнай наменклатуры, але і ў павелічэнні аб'ёму экспарту паслуг, аснову якога складаюць транспартныя, камп'ютарныя, будаўнічыя паслугі, а таксама паслугі ў галіне здабычы карысных выкапняў, - адзначыў ён. - Па выніках 2021 года аб'ём гандлю паслугамі з краінамі Лацінскай Амерыкі вырас да $200,2 млн (58,3 працэнта да 2020 года). Беларускі экспарт дасягнуў $178,9 млн (97,9 працэнта)".

"Тым не менш дынаміка ва ўзаемным гандлі таварамі і паслугамі, а таксама існуючы ўзровень гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і многімі краінамі Лацінскай Амерыкі не ў поўнай меры адпавядае рэальным магчымасцям бакоў", - заявіў намеснік міністра. Ён выказаў надзею, што гэты форум дапаможа надаць новы, дадатковы імпульс развіццю супрацоўніцтва і напоўніць яго канкрэтнымі ўзаемавыгаднымі праектамі.

"Мы прапануем вам скарыстацца гэтай магчымасцю для ўстанаўлення прамых кантактаў з суб'ектамі гаспадарання Беларусі, абмеркавання перспектыў абмену візітамі дзелавых дэлегацый, а таксама шляхоў актывізацыі ўзаемадзеяння з уключэннем спецыялізаваных структур нашых краін", - дадаў Яўген Шэстакоў, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

На форуме дырэктар Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан'юнктуры цэн Мікалай Барысевіч прэзентаваў шэраг гандлёва-эканамічных магчымасцей і комплексных прапанаванняў Беларусі для лацінаамерыканскіх партнёраў, а намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў - экспартны патэнцыял нафтахімічнай галіны Беларусі. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічных сувязей Міністэрства прамысловасці Анатоль Грыневіч прадставіў інфармацыю аб беларускім прамысловым сектары. Прэзентацыю магчымасцей беларускай фармацэўтычнай галіны зрабіў начальнік упраўлення маркетынгавай стратэгіі, арганізацыі продажаў на ўнутраным рынку і экспарту кіруючай кампаніі холдынга "Белфармпрам" Кірыл Ермаловіч.

Арганізатарамі Беларуска-лацінаамерыканскага форуму сталі Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн сумесна з МЗС Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі