Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 ліпеня 2019, 15:49

МЗКЦ плануе выйсці на рынак ЕС з аўтобусамі "Нёман" стандарту Еўра-6

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" плануе выйсці на рынак ЕС з аўтобусамі "Нёман" стандарту Еўра-6, паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях МЗКЦ Кацярына Сташук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы нацэлены выйсці на рынак Еўрапейскага саюза з аўтобусамі "Нёман" стандарту Еўра-6. Цяпер вядзём распрацоўку лінейкі гэтых аўтобусаў сярэдняга класа для еўрапейскага рынку, заключаем дылерскія пагадненні з кампаніямі з Еўрасаюза. Асноўнае, што нас непакоіць, - пытанне сертыфікацыі, шукаем партнёраў, якія маглі б нам дапамагчы ў гэтым напрамку", - сказала Кацярына Сташук.

МЗКЦ плануе ўмацоўваць супрацоўніцтва з традыцыйнымі партнёрамі. Гэта прадугледжвае выкананне абавязацельстваў па ўжо існуючым партфелі заказаў на пастаўку камерцыйнай і спецыяльнай тэхнікі, ажыццяўленне гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання, развіццё новых напрамкаў узаемадзеяння, выбудоўванне доўгатэрміновай стратэгіі партнёрства. Акрамя таго, МЗКЦ мае намер развіваць дылерскую сетку. "Плануем таксама развіваць кааперацыю з вытворцамі навяснога абсталявання з далёкага замежжа. Вядзецца прапрацоўка новых праектаў з партнёрамі - вытворцамі комплексаў узбраення і складанатэхнічнага спецыяльнага абсталявання, - адзначыла намеснік гендырэктара. - Акрамя таго, у планах распрацоўка экспартных варыянтаў лёгкабраніраванага аўтамабіля і тактычных аўтамабіляў. Гэтыя аўтамабілі распрацоўваліся ў адпаведнасці з патрабаваннямі нашых сілавых структур, а для паставак на сусветны рынак патрабуецца іх дапрацоўка з улікам патрабаванняў кожнага канкрэтнага кліента".

На тэрыторыі Мінскага аўтамабільнага завода 23 ліпеня 1954 года было арганізавана спецыяльнае канструктарскае бюро, мэтай якога была распрацоўка цяжкай і звышцяжкай тэхнікі для патрэб арміі. Гэта бюро стала роданачальнікам Мінскага завода колавых цягачоў. Сёння МЗКЦ - адна з вядучых сусветных кампаній, якія спецыялізуюцца на распрацоўцы і вытворчасці спецыяльных колавых шасі і цягачоў. Тэхніка прадпрыемства паспяхова выкарыстоўваецца ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння, сухапутных войсках, войсках ППА, радыётэхнічнай разведцы, інжынерных войсках і службах матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Аўтамабілі МЗКЦ вядомыя высокай грузападымальнасцю, праходнасцю ў розных умовах на дарогах агульнага карыстання і пры поўным бездарожжы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі