
19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мытныя органы Беларусі зацікаўлены ў развіцці гандлёвых і эканамічных адносін з краінамі ЕАЭС. Аб гэтым на XIV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да Дня мытніка, заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ва ўмовах бягучай геапалітычнай абстаноўкі, ускладненай закрыццём пунктаў пропуску сумежнымі краінамі, а таксама беспрэцэдэнтнага санкцыйнага націску, мы выказваем адкрытасць і зацікаўленасць у развіцці гандлёвых і эканамічных узаемаадносін з краінамі ЕАЭС. У сувязі з гэтым Беларусь гатова разглядаць прапановы па паглыбленні ўзаемадзеяння ў мытнай сферы. Акрамя таго, мы бачым, як мяняецца лагістыка тавараабароту, і павінны адпавядаць новым выклікам, каб бізнес нашых краін выходзіў з гэтай сітуацыі з найменшымі стратамі", - падкрэсліў Уладзімір Арлоўскі.
Паводле яго слоў, у мэтах забеспячэння эфектыўнага мытнага адміністравання вядзецца работа па ўнясенні змяненняў у Мытны кодэкс ЕАЭС і развіцці адзінай сістэмы транзіту тавараў ЕАЭС. Праводзяцца эксперыменты па прымяненні навігацыйных пломбаў для сачэння за перавозкамі.
"Апошнія тэндэнцыі ў галіне мытнага права датычацца распрацоўкі новых правіл гандлю ў інтэрнэце. Электронны гандаль з'яўляецца ключавым фактарам для пашырэння супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, - адзначыў старшыня ДМК. - Таксама вялікая ўвага ўдзелена найбольш актуальным аспектам мытнага рэгулявання. Мытныя органы Беларусі на пастаяннай аснове ажыццяўляюць дзейнасць па ўдасканаленні заканадаўства, накіраваным на змякчэнне мер адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, якія не нясуць вялікай шкоды для знешняй эканамічнай дзейнасці".
Як запэўніў Уладзімір Арлоўскі, нягледзячы на ўзнікаючыя складанасці, мытная служба Беларусі настроена на далейшае ўдасканаленне мытнага адміністравання і імкнецца да стварэння найбольш спрыяльных умоў для вядзення бізнесу. "Перакананы, што толькі дзякуючы сумесным намаганням нам удасца пераадолець усе ўзнікаючыя перашкоды і дасягнуць поспехаў", - рэзюмаваў ён.-0-