Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
18 студзеня 2019, 10:45

МВФ прапанаваў Беларусі меры для падтрымкі эканамічнага росту

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выканаўчы савет Міжнароднага валютнага фонду завяршыў кансультацыі з Беларуссю ў адпаведнасці з Артыкулам IV і прапанаваў меры для падтрымкі эканамічнага росту ў краіне. Аб гэтым гаворыцца ў прэс-рэлізе МВФ, паведамляе БЕЛТА.

У МВФ адзначылі, што цыклічнае аднаўленне эканомікі Беларусі працягваецца, рост у першыя тры кварталы 2018 года дасягнуў 3,7 працэнта. Больш высокія цэны на нафту і значны знешні попыт спрыялі экспарту, тады як унутранаму попыту садзейнічалі тэмпы росту заработнай платы. Павышэнне росту імпарту, у тым ліку ў сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі, у сваю чаргу прывяло да некаторага пагаршэння пазіцыі па знешніх рахунках, нягледзячы на станоўчыя ўмовы гандлю.

"Абачлівая грашова-крэдытная палітыка ў спалучэнні з павышэннем даверу да цэнтральнага банка даюць магчымасць утрымліваць інфляцыю на гістарычна нізкіх узроўнях, нягледзячы на хуткі рост заработнай платы. Абменны курс застаецца адносна стабільным у намінальным эфектыўным выражэнні, што назіраецца і ў частцы міжнародных рэзерваў", - адзначылі ў МВФ.

Пры гэтым эксперты лічаць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве рост эканомікі складзе 2 працэнты пры поўнай кампенсацыі за падатковы манеўр. "Калі кампенсацыя будзе далёка не поўнай (гэта асноўная рызыка для эканомікі Беларусі, якая існуе на гэтым этапе), сярэднетэрміновы рост можа быць істотна меншы за 2 працэнты", - лічаць у МВФ.

Выканаўчыя дырэктары МВФ канстатавалі, што ў Беларусі прадаўжаецца аднаўленне эканамічнага росту, чаму садзейнічаюць больш якасныя асновы эканамічнай палітыкі. Разам з тым ёсць рызыкі, звязаныя з дзярждоўгам, даларызацыяй і падатковым манеўрам у Расіі. Яны заклікалі афіцыйныя органы краіны скарыстацца цяперашнім цыклічным аднаўленнем эканамічнага росту і рэалізаваць рэформы.

Дырэктары падкрэслілі важнасць захавання незалежнасці цэнтральнага банка. Яны падтрымалі праводзімую цяпер афіцыйнымі органамі краіны грашова-крэдытную палітыку, якая адпавядае мэтаваму паказчыку інфляцыі. Што датычыцца перспектывы, то дырэктары віталі далейшы рух наперад да сістэмы таргетавання інфляцыі. У сувязі з гэтым дырэктары станоўча ацанілі праведзеную афіцыйнымі органамі лібералізацыю валютнага рынку і скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання. Не менш важнай будзе адмена абмежаванняў працэнтных ставак. Дырэктары заклікалі афіцыйныя органы прымаць далейшыя меры па ўмацаванні стабільнасці фінансавага сектара.

"Дырэктары падкрэслілі, што ажыццяўленне структурных рэформ адыгрывае ключавую ролю ў скарачэнні макраэканамічнай нестабільнасці і павышэнні патэнцыялу росту", - гаворыцца ў паведамленні МВФ.

У адпаведнасці з Артыкулам IV пагаднення МВФ з дзяржавамі-членамі праводзяцца двухбаковыя абмеркаванні, звычайна кожны год. Група супрацоўнікаў МВФ прыязджае ў краіну, збірае эканамічную і фінансавую інфармацыю і абмяркоўвае з афіцыйнымі органамі змяненні ў эканоміцы і эканамічную палітыку. Пасля вяртання ў штаб-кватэру МВФ персанал рыхтуе даклад, які складае аснову для абмеркаванняў Выканаўчага савета.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі