Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 лістапада 2021, 09:49

МТЗ за два гады павялічыў у 10 разоў пастаўкі тэхнікі праз "Расагралізінг"

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі трактарны завод за два гады павялічыў у 10 разоў пастаўкі тэхнікі праз "Расагралізінг" у расійскія рэгіёны. Вынікі работы і перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва абмеркавалі 29 лістапада ў Маскве генеральныя дырэктары ААТ "МТЗ" Віталь Воўк і АТ "Расагралізінг" Павел Косаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МТЗ.

"За апошнія два гады мы правялі вялікую работу па ўмацаванні супрацоўніцтва, што дало магчымасць значна, а менавіта ў 10 разоў, павялічыць аб'ём паставак тэхнікі, вырабленай МТЗ, у расійскія рэгіёны. Калі ў 2019 годзе мы паставілі толькі 56 адзінак, то ў бягучым годзе - 557 адзінак", - падкрэсліў Павел Косаў.

Як адзначылі ў "Расагралізінгу", Мінскі трактарны завод з'яўляецца адным з ключавых партнёраў таварыства. З 2002 года расійскім аграрыям пастаўлена звыш 3 тыс. адзінак тэхнікі вытворчасці МТЗ. Па агульным аб'ёме паставак у 2021 годзе МТЗ займае другое месца ў рэйтынгу пастаўшчыкоў "Расагралізінгу". Высокі попыт на тэхніку завода падтрымліваецца ў тым ліку за кошт шырокай наменклатурнай лінейкі. Найбольш папулярныя мадэлі - BELARUS-82 і BELARUS-1221.

Віталь Воўк на сустрэчы адзначыў неабходнасць пашырэння асартыменту прадукцыі, рэалізуемай у супрацоўніцтве з "Расагралізінгам". "Мы гатовы прапанаваць партнёрам новую лінейку трактароў з палепшанымі спажывецкімі ўласцівасцямі. Пашырэнне наменклатуры пасадзейнічае павелічэнню аб'ёмаў продажаў тэхнікі МТЗ праз "Расагралізінг", што, безумоўна, з'яўляецца нашай канчатковай мэтай", - адзначыў гендырэктар ААТ "МТЗ". Таксама Віталь Воўк выказаў зацікаўленасць у інвестыцыях "Расагралізінгу" ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ТАА "Гандлёва-вытворчая кампанія МТЗ-Татарстан".

Рост попыту на трактары BELARUS абумоўлены льготнай праграмай лізінгу "Беларуская тэхніка", якая дае магчымасць кліентам "Расагралізінгу" набываць беларускую тэхніку на льготных умовах. Праграма рэалізуецца ў адпаведнасці з указам ад 24 верасня 2009 года нумар 466 "Аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь". Кампаніям - нерэзідэнтам краіны прадастаўляецца магчымасць субсідзіравання лізінгавых плацяжоў пры набыцці тэхнікі і абсталявання беларускай вытворчасці за кошт бюджэту Беларусі.

Бакі дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве па пастаўках тэхнікі ў лізінг.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі