Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 мая 2020, 15:53

МТЗ атрымае 5 экалагічных рухавікоў ад Мінскага маторнага завода

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод паставіць ААТ "МТЗ" пяць новых рухавікоў экалагічнага ўзроўню Stage 5, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

"У маі ММЗ паставіць Мінскаму трактарнаму заводу пяць новых рухавікоў экалагічнага ўзроўню Stage 5, каб устанавіць іх на трактары і правесці эксплуатацыйныя і сертыфікацыйныя выпрабаванні", - адзначылі ў прэс-службе.

Работа над новым рухавіком праходзіла сумесна з чэшскімі і бельгійскімі партнёрамі. "Заканчэнне работ на базе кампаніі "Маторпал" (Чэхія) затармазіла складаная сусветная эпідэміялагічная сітуацыя. Па сутнасці, на парадку дня заставалася адно пытанне - устанавіць на рухавік сістэму SCR даачыскі адпрацаваных газаў і правесці выпрабаванні ў гэтай камплекцыі", - расказалі на заводзе. Стэндавыя выпрабаванні праводзіліся па транзіентным цыкле для атрымання ўзроўняў выкідаў шкодных рэчываў, якія адпавядаюць экалагічным нормам Stage 5.

Калі гэта задача была выканана, сістэмы SCR даачысткі адпрацаваных газаў з Чэхіі былі пастаўлены на Мінскі маторны завод, і першы рухавік з такой сістэмай ужо сабраны. На працягу бліжэйшага часу вырабяць яшчэ чатыры экалагічныя рухавікі, і ўсе яны адправяцца на МТЗ.

Аднак на гэтым супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі не завяршаецца. Яно прадоўжыцца на маторным і трактарным заводах пры ўстаноўцы рухавікоў на трактары і іх адаптацыі з сістэмамі SCR на тэхніцы, якая затым таксама будзе праходзіць эксплуатацыйныя выпрабаванні.

Лінейка чатырохцыліндравых рухавікоў экалагічнага ўзроўню Stage 5 створана на базе серыйнага рухавіка Д-245. "Па жаданні спажыўца пры распрацоўцы канструкцыі інжынеры паспрабавалі прымяніць перадавыя рашэнні для дасягнення экалагічных норм высокага ўзроўню, максімальна захаваўшы ўніфікацыю з серыйнымі рухавікамі (магутнасныя характарыстыкі, далучальныя памеры)", - падкрэслілі на прадпрыемстве.

Рухавікі будуць укамплектаваны механічнай паліўнай помпай высокага ціску з электронным кіраваннем вытворчасці "Маторпал", турбакампрэсарам з электронным кіраваннем, перапускным клапанам і сістэмай выбарчай каталітычнай нейтралізацыі SCR з двухступеньчатым нейтралізатарам. У сістэме ачысткі адпрацаваных газаў прыменена актыўная рэгенерацыя для выключэння закаксавання сажавага фільтра.

"Канкурэнтная перавага рухавікоў ММЗ - механічная паліўная помпа з электронным кіраваннем, што дазваляе ўзаемадзейнічаць з электроннай сістэмай трактара замест паліўнай сістэмы Сommon Rail", - адзначылі ў прэс-службе.

Па заяве дылераў ААТ "МТЗ", якія рэалізуюць трактары на рынках ЗША, Канады і ў краінах ЕС, рухавікі Мінскага маторнага завода з паліўнымі сістэмамі кампаніі "Маторпал" запатрабаваны на рынку ў сувязі з іх высокай надзейнасцю, прыстасаванасцю да сэрвіснага абслугоўвання і прымальным коштам сістэм і запчастак у параўнанні з іншымі.

Мінскі маторны завод заснаваны ў 1963 годзе. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вытворчасці сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. Прадпрыемства выпускае больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасцей ад 7 да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую і лесаўборачную тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі