24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах прапануе абмеркаваць праект указа аб маркіроўцы тавараў. Грамадскае абмеркаванне праводзіцца на Прававым форуме Беларусі да 1 чэрвеня, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Праект дакумента распрацаваны ў мэтах удасканалення механізма маркіроўкі тавараў, а таксама ў мэтах выканання пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў ЕАЭС.
Існуючая сістэма маркіроўкі кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі асобных груп тавараў функцыянуе ў Беларусі з сакавіка 2005 года. Такі дадатковы механізм падатковага кантролю ўводзіўся з мэтай спыніць прымяняемыя схемы адыходу ад падаткаабкладання, прадухіліць уключэнне ў ценявы абарот тавараў і, адпаведна, павялічыць паступленні плацяжоў у бюджэт, што ажыццяўляюцца вытворцамі і імпарцёрамі тавараў у добраахвотным парадку.
"Нормы пагаднення аб маркіроўцы тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў ЕАЭС вызначаюць шэраг новых элементаў, якія неабходна ўбудоўваць у існуючую сістэму. У іх ліку генерацыя сродкаў ідэнтыфікацыі, якая будзе ажыццяўляцца эмітэнтам (органам дзяржаўнага кіравання або ўпаўнаважанай ім арганізацыяй), вызначэнне парадку нанясення сродку ідэнтыфікацыі на тавар, магчымасць дабаўлення ў сістэму інфармацыі аб этапах абароту маркіраванага тавару. З улікам гэтага наспела аб'ектыўная неабходнасць мадэрнізацыі існуючай у Беларусі сістэмы маркіроўкі тавараў", - гаворыцца ў каментарыі да праекта дакумента.
Оператар нацыянальнай сістэмы маркіроўкі тавараў будзе забяспечваць яе функцыянаванне, узаемадзеянне і абмен інфармацыяй з інфармацыйнымі сістэмамі маркіроўкі іншых дзяржаў - членаў ЕАЭС. Ажыццяўляць навукова-метадычнае забеспячэнне парадку апісання тавараў пры ўнясенні інфармацыі ў нацыянальную сістэму маркіроўкі будзе Цэнтр сістэм ідэнтыфікацыі НАН.
У адпаведнасці з праектам указа зацвярджаюцца некалькі палажэнняў, якія вызначаюць парадак маркіроўкі тавараў. Пры ўключэнні новых тавараў у пералік падлягаючых маркіроўцы кантрольнымі (ідэнтыфікацыйнымі) знакамі, знакамі з нанесенымі сродкамі ідэнтыфікацыі і проста сродкамі ідэнтыфікацыі юрасобы і ІП, якія ажыццяўляюць вытворчасць, аптовы або рознічны гандаль такімі таварамі, мае права не толькі рэалізоўваць, але і захоўваць утвораныя ў іх астаткі гэтых немаркіраваных тавараў.
Згодна з праектам дакумента тавары, увезеныя на тэрыторыю Беларусі арганізатарамі і ўдзельнікамі міжнародных выставак і кірмашоў у якасці ўзораў і экспанатаў, не падлягаюць маркіроўцы, за выключэннем прызначаных для рэалізацыі.
Інфармацыя аб вытворчасці і ўвозе на тэрыторыю Беларусі, абароце тавараў, уключаных у пералік падлягаючых маркіроўцы сродкамі ідэнтыфікацыі, павінна быць унесена ў нацыянальную сістэму маркіроўкі тавараў. Акрамя таго, прадугледжаны выпадкі вяртання суб'ектам гаспадарання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту кантрольных (ідэнтыфікацыйных) знакаў, а таксама знакаў з нанесенымі сродкамі ідэнтыфікацыі.
Праектам указа ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў за невыкананне імі патрабаванняў, што змешчаны ў дакуменце.
Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі або накіраваць арганізатару грамадскага абмеркавання на электронны адрас: 202_3@nalog.gov.by з паметкай "Абмеркаванне праекта ўказа".-0-