22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па падатках і зборах будзе шукаць магчымасці для далейшага зніжэння падатковай нагрузкі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка на канферэнцыі, прысвечанай новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Работа будзе накіравана на пошук рэзерваў для зніжэння падатковай нагрузкі. На наш погляд, адзін з такіх рэзерваў - гэта пошук і адмова ад індывідуальных кропкавых ільгот, якія не завязаны на эканамічны рост, стымуляванне перспектыўных галін эканомікі. У такім ключы мы будзем вельмі акуратна і далікатна рухацца разам з калегамі і бізнес-супольнасцю", - адзначыў Сяргей Налівайка.
Паводле яго слоў, канкрэтныя плацельшчыкі, для якіх могуць быць адменены льготы, пакуль не вызначаны. У галінах, дзе льготы працуюць эфектыўна, напрыклад, у ІТ, карэкціровак не прадбачыцца. "Калі мы гаворым пра IT-сферу, то я лічу, што гэта галіна, якую ні ў якім разе нельга кранаць, трэба даць ёй развівацца ў стабільных умовах", - сказаў міністр.
Сяргей Налівайка звярнуў увагу, што ў новым Падатковым кодэксе, які пачаў працаваць з 1 студзеня 2019 года, закладзены важныя прынцыпы стабільнасці заканадаўства і добрасумленнасці плацельшчыка. Акцэнт робіцца на камеральным кантролі і магчымасці даць плацельшчыку самастойна выправіць свае памылкі. Гэты падыход сябе апраўдвае, лічыць міністр. Сёння больш за 96 працэнтаў плацельшчыкаў выконваюць свае падатковыя абавязацельствы своечасова.-0-