Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 красавіка 2021, 14:00

Мясніковіч: неабходна выбудоўваць новую шматпалярную мадэль сусветнай эканомікі

28 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пошук новых крыніц эканамічнага росту і актуалізацыя стратэгічных прыярытэтаў патрабуюць выбудоўвання новай шматпалярнай мадэлі сусветнай эканомікі. Аб гэтым заявіў старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч у відэазвароце да ўдзельнікаў субрэгіянальнага дыялогу 77-й сесіі Эканамічнай і сацыяльнай камісіі ААН для Азіі і Ціхага акіяна (ЭСКАЦА), якая адбылася сёння ў Бангкоку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЕЭК.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў: дзяржавы ЕАЭС вызначылі актывізацыю дыялогу паміж саюзам і трэцімі краінамі, інтэграцыйнымі аб'яднаннямі і міжнароднымі арганізацыямі ў якасці адной з прыярытэтных задач развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі на перыяд да 2025 года. "Лічу, што далейшаму канструяванню абноўленай міжнароднай архітэктуры ўзаемавыгаднай кааперацыі будзе садзейнічаць рэалізацыя ідэі Вялікага еўразійскага партнёрства, адным са стаўпоў якога з'яўляецца Еўразійскі эканамічны саюз", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў старшыні Калегіі ЕЭК, пандэмія выклікала беспрэцэдэнтнага маштабу негатыўныя эфекты, ускладніла вырашэнне іншых праблем. Для мінімізацыі каранакрызісу ўрады дзяржаў саюза, кіруючыя і выканаўчыя органы ЕАЭС аператыўна прынялі радыкальныя скаардынаваныя меры. Гэта абмежавала хуткасць распаўсюджвання віруса. Вялікае значэнне мела своечасовая распрацоўка Расіяй высокаэфектыўных вакцын супраць каранавіруса, арганізацыя іх паставак і лакалізацыя вытворчасцей у краінах ЕАЭС, што можа служыць пазітыўным прыкладам інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў інтарэсах мільёнаў людзей.

Згодна з папярэднімі статыстычнымі данымі, у 2020 годзе ВУП Еўразійскага эканамічнага саюза скараціўся на 2,9 працэнта, што менш істотна, чым зніжэнне глабальнага ВУП. Прагнозы ЕЭК сведчаць: у 2021 годзе па меры аднаўлення попыту ў ЕАЭС чакаецца эканамічны рост на ўзроўні 3,3 працэнта.

На думку Міхаіла Мясніковіча, для пераадолення глабальных выклікаў патрэбна выпрацоўка дакладных крокаў і зладжаныя дзеянні як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні. "Пашырэнне фарматаў узаемадзеяння і запуск новых дыялогавых платформ, у тым ліку пад эгідай ААН, з'яўляюцца важнымі інструментамі для вызначэння новых крыніц эканамічнага росту і забеспячэння ўстойлівага развіцця", - сказаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі