Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 студзеня 2018, 15:48

Мясніковіч ініцыіруе стварэнне ў Беларусі новых хімвытворчасцей

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч ініцыіруе стварэнне ў Беларусі новых хімвытворчасцей. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю часопісу "Беларуская думка", паведамляе БЕЛТА.

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што сёння сусветная вытворчасць палімерных матэрыялаў развіваецца паскоранымі тэмпамі. Калі 10 гадоў таму гадавы аб'ём вытворчасці палімерных матэрыялаў у свеце складаў каля 250 млн т, то сёння ён перасягае 300 млн т. Пастаянна пашыраецца асартымент палімерных кампазіцыйных матэрыялаў, асобныя мадыфікацыі якіх ствараюцца пад канкрэтнае прымяненне. Асноўнымі валаўтваральнымі прадуктамі ў агляднай будучыні будуць не ўпершыню сінтэзуемыя, а шматтанажныя палімеры і разнастайныя кампазіты на іх аснове. Яны запатрабаваны ў аўтамабілебудаванні, авіябудаванні, прыборабудаванні, электроніцы, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, вытворчасці палімернай упакоўкі і іншых сферах.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што ў Беларусі вытворчасць і перапрацоўка палімерных матэрыялаў з'яўляецца буйной галіной хімічнай прамысловасці, аднак айчынныя прадпрыемствы моцна залежныя ад імпарту базавых кампанентаў і вырабляюць, як правіла, паўфабрыкат. "Гэта ўплывае на іх канкурэнтаздольнасць і эфектыўнасць продажаў. Многія поліэфірныя матэрыялы, поліпрапілен, стырол і іншыя, а таксама супалімеры на іх аснове закупляюцца нашай краінай за мяжой сотнямі тысяч тон ацэначна на суму больш як $2 млрд у год", - сказаў ён.

З улікам гэтага максімальнае пашырэнне ўласных вытворчых магутнасцей трэба ставіць як стратэгічную задачу, лічыць Міхаіл Мясніковіч. "Эфектыўна яе вырашыць можна, як мне ўяўляецца, у рамках нацыянальнага праекта - па стварэнні ў Беларусі перспектыўных кампазіцыйных матэрыялаў і іх вытворчасцей для канкрэтных спажыўцоў. Перш за ўсё размова ідзе аб стварэнні новых вытворчых магутнасцей, якія змогуць у асноўным забяспечыць сыравінай нашых вытворцаў хімічных валокнаў, ніцей і тканін, а тыя ў сваю чаргу за кошт развіцця вытворчасцей будуць выпускаць, як правіла, не паўфабрыкат, а гатовую прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю для розных галін эканомікі, - растлумачыў старшыня Савета Рэспублікі. - Па маёй просьбе, а фактычна ў адпаведнасці з пастаўленай навуковай задачай, профільныя вучоныя падрыхтавалі адпаведны даклад, які прынцыпова падтрыманы канцэрнам "Белнафтахім", Міністэрствам эканомікі, Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам".

Паколькі праект запатрабуе прыцягнення сур'ёзных фінансавых рэсурсаў, то магчыма і, на думку Міхаіла Мясніковіча, рацыянальна яго рэалізацыя сумесна з расійскімі партнёрамі. Гэта мог бы быць маштабны і сістэмны праект Саюзнай дзяржавы, лічыць ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі