Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 лютага 2020, 09:41

Мясніковіч аб пераходзе краін ЕАЭС на расійскі рубель ва ўзаемаразліках: пытанне абмяркоўваецца

28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза прадаўжаюць абмяркоўваць пытанне аб магчымасці пераходу на расійскі рубель у якасці адзінага сродку ўзаемных разлікаў. Аб гэтым паведаміў старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч у эфіры праграмы "Размова ў Прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь-1", паведамляе БЕЛТА.

"Пытанне актыўна абмяркоўваецца, але часта кан'юнктурна", - адзначыў кіраўнік Калегіі ЕЭК. Паводле яго слоў, фінансавы рынак у ЕАЭС недастаткова развіты. Міхаіл Мясніковіч мае намер сустрэцца з кіраўнікамі цэнтрабанкаў усіх краін, каб абмеркаваць надзённыя пытанні, у тым ліку адзіную валюту. Аднак ці будзе гэта менавіта расійскі рубель, пакуль не зразумела. "Усе краіны ЕАЭС маюць адмоўнае гандлёвае сальда з Расійскай Федэрацыяй. Каб разлічыцца за імпарт з Расіі, ім не хапае рублёвай выручкі, - растлумачыў Міхаіл Мясніковіч. - Мы павінны прадаць нешта ў трэція краіны, за валюту канверсаваць расійскія рублі і толькі потым працаваць у рублёвай зоне".

"Ні ў якім выпадку не павінна быць фінансавай панікі. Ніхто не гаворыць, што заўтра нехта будзе пераходзіць на расійскі рубель. Нам трэба думаць аб дэдаларызацыі, але пры гэтым з адной праблемы не стварыць іншую", - дадаў ён.

Удасканаленне работы фінансавых структур ЕАЭС, такіх як Еўразійскі банк рэканструкцыі і развіцця, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, будзе прадаўжацца. Бо ЕАЭС ставіць перад сабой амбіцыйную задачу ўвайсці ў пяцёрку вядучых эканомік свету.

Плануецца сур'ёзнае развіццё інвестыцыйнай дзейнасці. "Цяпер інвестыцыі ЕАЭС складаюць 2,5 працэнта ад сусветных. Нам трэба выйсці на той узровень, каб суадносіны аб'ёму інвестыцый і ВУП складалі не менш як 25 працэнтаў, а лепш 30 працэнтаў", - падкрэсліў кіраўнік Калегіі ЕЭК. Рост інвестыцый павінен прывесці да з'яўлення новых вытворчасцей. Гэта ў сваю чаргу дасць магчымасць павялічыць выпуск прадукцыі. "Каля 20 працэнтаў гандлю ў ЕАЭС - гэта гандаль мінеральнымі і сыравіннымі рэсурсамі, - адзначыў ён. - Удзельная вага гатовай прадукцыі расце, але пакуль мала канкурэнтных тавараў. Трэба думаць, каб іх было больш, каб было чым гандляваць і ўнутры, і з трэцімі краінамі".

Міхаіл Мясніковіч бачыць таксама неабходнасць у стварэнні еўразійскага арбітражу. "Гэта нядобра, калі суб'екты гаспадарання краін высвятляюць адносіны ў Лондане, Стакгольме, іншых сталіцах. У нас павінен быць паўнацэнны арбітраж", - сказаў ён.

Гэтыя і іншыя напрамкі развіцця ЕАЭС закладзены ў стратэгіі да 2025 года. Чакаецца, што першае абмеркаванне гэтага комплекснага дакумента можа адбыцца ўжо 9-10 красавіка ў Мінску на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета.

Кіраўнік Калегіі ЕЭК звярнуў асаблівую ўвагу на абавязковасць прэваліравання ў ЕАЭС прынцыпу раўнапраўя. "Зразумела, што вялікія эканомікі задаюць тон, з'яўляюцца стрыжнем. Але гэты стрыжань павінен быць прывабным, каб не толькі тыя, хто сёння ў ЕАЭС, але і тыя, хто ўважліва глядзіць збоку: а ці трэба далучыцца. Калі яны бачаць, што разлад унутры не спыняецца, а не дай бог нарастае, вядома, ніхто ў такі саюз не пойдзе. У мяне здаровы аптымізм. Таму што ўсе кіраўнікі дзяржаў, якія я наведаў, за тое, каб умацоўваць інтэграцыю", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі