Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 студзеня 2021, 13:33

Міжведамасная рабочая група падрыхтуе прапановы па развіцці сферы грамадскага харчавання

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю стварыла міжведамасную рабочую групу па развіцці грамадскага харчавання з мэтай падтрымкі галіны ў сувязі з існуючай эпідэміялагічнай і эканамічнай сітуацыяй, выкліканай распаўсюджваннем COVID-19, а таксама для комплекснага разгляду актуальных праблемных пытанняў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МАРГ.

"У склад рабочай групы ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў аховы здароўя, эканомікі, фінансаў, энергетыкі, па падатках і зборах, Мінскага абласнога і Мінскага гарадскога выканкамаў, Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі, галіновых асацыяцый і іншыя зацікаўленыя. Вынікам яе дзейнасці стануць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні дзеючых механізмаў прававога рэгулявання галіны грамадскага харчавання і скарачэнні адміністрацыйных бар'ераў для яе развіцця", - расказалі ў прэс-службе.

Прадстаўнікі Асацыяцыі рэстаратараў на першым пасяджэнні рабочай групы звярнулі ўвагу, што лібералізацыя ўмоў вядзення бізнесу, у прыватнасці рэалізацыя норм дэкрэта нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва", садзейнічала актыўнаму развіццю сферы грамадскага харчавання, з'яўленню новых фарматаў і метадаў аказання паслуг, павелічэнню колькасці бараў, кафэ, рэстаранаў. Разам з тым пандэмія і яе наступствы, скарачэнне ўязнога турызму, зніжэнне сацыяльнай актыўнасці паставілі перад галіной новыя задачы і прывялі да неабходнасці выпрацоўкі іншых падыходаў.

У перыяд распаўсюджвання COVID-19 фінансавы стан суб'ектаў гаспадарання ў сферы грамадскага харчавання значна пагоршыўся. Тавараабарот грамадскага харчавання ў Беларусі па выніках 2020 года склаў у супастаўных цэнах 80 працэнтаў да ўзроўню 2019 года. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг гэтых арганізацый за студзень-лістапад 2020-га ў параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га зменшылася на 9 працэнтаў, пры гэтым значна павялічылася доля стратных арганізацый (у 4,4 раза). Існуючая сітуацыя таксама справакавала закрыццё шэрага аб'ектаў грамадскага харчавання.

На пасяджэнні вынеслі на разгляд прапановы прадстаўнікоў бізнес-супольнасці па мінімізацыі ўстаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абмежаванняў, прынятых у мэтах прадухілення распаўсюджвання COVID-19, рэгуляванні размяшчэння нестацыянарных і перасовачных аб'ектаў грамадскага харчавання, а таксама прававыя пытанні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі