Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 жніўня 2019, 12:00

Міжнародная экалагічная экспедыцыя завяршыла на БелАЭС замеры "нулявога фону"

21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародная экспедыцыя завяршыла работу па замерах "нулявога фону" на тэрыторыі, прылеглай да пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС у Астравецкім раёне, паведамілі БЕЛТА ў ДП "Беларуская АЭС".

У час экспедыцыі, якая праходзіла з 15 па 20 жніўня, былі выкананы ўсе запланаваныя мерапрыемствы. Палявая гама-спектраметрычная здымка праведзена больш як у 200 пунктах вакол перыметра пляцоўкі Беларускай АЭС і берагавой лініі рэк. Вымярэнні дапоўнены пешаходнай і аўтамабільнай гама-здымкай, што дало магчымасць пашырыць плошчу абследавання.

Адабраны пробы паветра, вады, глебы, донных адкладаў і расліннасці для лабараторных даследаванняў. Дзве паветрафільтруючыя ўстаноўкі для адбору проб радыеактыўнага аэразолю і газападобнага радыеактыўнага ёду былі размешчаны на штатным пункце назіранняў на метэаралагічнай станцыі Маркуны. Разам з гэтым былі адабраны пробы для вызначэння ў паветры радыеактыўнага вугляроду і трытыю.

"Найбольш эфектыўным выкарыстаннем атрыманых замераў "нулявога фону" можа стаць правядзенне сістэматычных назіранняў за радыеэкалагічнай сітуацыяй у гэтым раёне. Паўторныя вымярэнні мэтазгодна правесці праз год пасля фізічнага пуску Беларускай АЭС з прыцягненнем прадстаўнікоў зацікаўленай грамадскасці", - лічаць у Мінэнерга.

У міністэрстве таксама дадалі, што практычны вопыт і вынікі праведзенага грамадскага перадэксплуатацыйнага абследавання могуць быць тыражаваны на іншых ядзерных аб'ектах у розных краінах.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў канцы 2019 года, другі - у 2020-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі