Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 жніўня 2022, 16:07

Міцянскі: меры дзяржпадтрымкі бізнесу накіраваны на захаванне і павелічэнне рабочых месцаў

10 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Меры дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу накіраваны на захаванне і павелічэнне рабочых месцаў. Аб гэтым падчас наведвання прадпрыемстваў Гродна сказаў журналістам намеснік міністра эканомікі Сяргей Міцянскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Уражанні ад наведвання гродзенскіх прадпрыемстваў станоўчыя. Калектывы працуюць, гэта самае галоўнае. Меры дзяржаўнай падтрымкі бізнесу накіраваны на тое, каб рабочыя месцы былі захаваны, а на асобных і прымножаны. Каб грамадзяне Беларусі атрымлівалі стабільную заработную плату і не адчувалі санкцыйнага націску. Асноўнай тэмай учарашняй нарады ў кіраўніка дзяржавы было імпартазамяшчэнне. І калі бачыш прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць тавары беларускай вытворчасці, гэта вельмі радуе", - сказаў Сяргей Міцянскі.

Меры падтрымкі з боку дзяржавы пазітыўна ўспрыняты, дадаў ён. "Прапановы мы адпрацоўваем з органамі дзяржкіравання. Адна з апошніх прынятых мер згодна з указам Прэзідэнта: бізнесу прадастаўлена магчымасць паэтапна пагашаць мытныя плацяжы. Указ уступіць у сілу праз 2 месяцы. Цяпер удакладняецца пералік тавараў, відаў дзейнасці, на якія будуць распаўсюджвацца гэтыя нормы. Акрамя таго, да 5 дзён скарочаны тэрміны атрымання сертыфікатаў уласнай вытворчасці. Цяпер бізнес актыўна атрымлівае гэтыя сертыфікаты. Базавая арэндная велічыня захоўваецца з 2019 года і складае Br16,9. Гэта права не налічваць амартызацыю", - дадаў Сяргей Міцянскі.

Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва таксама збірае бізнес, буйныя прадпрыемствы, каб суб'екты гаспадарання малога бізнесу былі ўключаны ў аперацыйныя ланцужкі з буйнымі прадпрыемствамі і знаходзілі новых кліентаў, павялічвалі аб'ёмы вытворчасці і пры гэтым не залежалі ад пастаўшчыкоў звонку.

Сяргей Міцянскі падкрэсліў: ва ўмовах санкцыйнага націску бізнес знайшоў новыя варыянты для работы, новых партнёраў. "Гэта стала стымулам для развіцця. Калі раней былі пастаянныя кліенты, рынкі збыту, то сённяшнія ўмовы бізнес успрыняў як новую магчымасць і пачаў шукаць новыя рынкі збыту. У дапамогу бізнесу Беларуская ўніверсальная таварная біржа арганізавала пляцоўку імпартазамяшчэння. На ёй прадстаўнікі бізнесу могуць паглядзець запатрабаваную прадукцыю не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Кітаі, а таксама прапанаваць сваю прадукцыю. Гэта анлайн-пляцоўка, дзе суб'екты гаспадарання аператыўна могуць знайсці адзін аднаго", - адзначыў намеснік міністра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі