Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 мая 2020, 15:35

Мінтранс устанавіў тарыфы на электронныя віньеткі за праезд па платных дарогах

5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства транспарту і камунікацый устанавіла тарыфы на электронныя віньеткі для аплаты за праезд па платных дарогах у Беларусі. Гэта прадугледжана пастановай ад 22 красавіка 2020 года нумар 11, якая афіцыйна апублікавана сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Згодна з дакументам кошт электроннай віньеткі для аплаты за праезд па платных дарогах на 15 каляндарных дзён складзе 14 еўра, на 30 дзён - 22 еўра, на каляндарны год - 75 еўра. Пад каляндарным годам маецца на ўвазе перыяд з 1 студзеня па 31 снежня, а таксама апошнія 15 каляндарных дзён папярэдняга года і першыя 15 - наступнага года.

Як паведамлялася раней, у адпаведнасці з указам нумар 108 з 15 снежня 2020 года ва ўладальнікаў транспартных сродкаў з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай не больш як 3,5 т, не зарэгістраваных на тэрыторыі дзяржаў - членаў ЕАЭС, з'явіцца магчымасць аплаціць праезд па платных дарогах за пэўны перыяд. Цяпер плата бярэцца з разліку пройдзенага кіламетражу. Для аплаты за перыяд часу трэба будзе набыць электронную віньетку.

Указам таксама прадугледжана магчымасць унясення платы па разавым тарыфе ў выпадку неаплаты або няпоўнай аплаты праезду па платнай аўтамабільнай дарозе на працягу дзвюх гадзін з моманту фіксацыі парушэння. Пры гэтым аплата праезду па разавым тарыфе выключае спагнанне платы за праезд у павялічаным памеры.

Цяпер згодна з пастановай Мінтранса для ўладальнікаў транспартных сродкаў з дапушчальнай агульнай масай да 3,5 т уключна памер платы за праезд па разавым тарыфе ў выпадку няпоўнай аплаты складзе 5 еўра, пры неаплаце - 10 еўра. Калі транспартны сродак большы за 3,5 т, то памер платы за праезд пры няпоўнай аплаце складзе 15 еўра, пры неаплаце - 30 еўра.

Некаторыя пункты пастановы, якія датычацца тарыфаў на электронныя віньеткі, уступаюць у сілу з 15 снежня 2020 года, а астатнія - пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджваюць сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 мая 2020 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі