
5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі завод шасцерань наладзіць выпуск карпусоў рэдуктара пярэдняга вядучага моста для трактароў BELARUS. Аб гэтым паведаміў выконваючы абавязкі галоўнага тэхнолага ААТ "МЗШ" Віталь Зубовіч, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МТЗ.
"Цяпер гэтыя дэталі вырабляюцца па-за "МТЗ-Холдынгам" - Баранавіцкім заводам станкапрылад. А адліўкі для іх пастаўляе МТЗ. Для аптымізацыі лагістычных працэсаў мы маем намер лакалізаваць вытворчасць у сябе. Для гэтага плануем закупіць чатыры апрацоўчыя цэнтры з лічбавым праграмным кіраваннем", - адзначыў Віталь Зубовіч.
Новае абсталяванне маркі HISION дасць магчымасць рабіць поўную механічную апрацоўку карпусоў рэдуктара ПВМ. Дагавор на пастаўку ўжо заключаны - станкі паступяць на МЗШ у пачатку восені.-0-