Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 чэрвеня 2021, 14:27

Мінскі маторны завод запусціў у серыйную вытворчасць новы рухавік

8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод запусціў у серыйную вытворчасць новы рухавік, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

На Мінскім маторным заводзе дадзены старт вытворчасці першай прамысловай партыі дызельных рухавікоў новага сямейства MMZ-4D/4DT/4DTI/4DTG. Вялікую цікавасць да яго праяўляюць спажыўцы з Беларусі, далёкага і блізкага замежжа. Папярэднімі заказамі на новы матор завод забяспечаны ўжо да канца года.

"Першы рухавік MMZ-4D вырабляўся пад кантролем тэхнолагаў, канструктараў, начальнікаў спецыялізаваных цэхаў, майстроў. Збіраўся скрупулёзна з вузлоў і дэталей, у адпаведнасці з распрацаванай тэхналогіяй, з адначасовай карэкціроўкай тэхпрацэсу. Далей - выпрабаванні на стэндзе і рухавік гатовы адправіцца да спажыўца", - адзначылі ў прэс-службе.

Маламерныя чатырохцыліндравыя рухавікі рабочым аб'ёмам 2,1 л магутнасцю ад 49 да 75 к.с. - гэта новыя распрацоўкі спецыялістаў Мінскага маторнага завода. Іх каштоўнасць і канкурэнтная перавага ў тым, што яны належаць да тыпаразмеру вядомых нямецкіх і японскіх матораў, але значна прасцейшыя ў эксплуатацыі і абслугоўванні. Даступнасць і пастаянная наяўнасць арыгінальных дэталей, пашыраная тавараправодная сетка і наяўнасць дылерскіх кампаній у многіх краінах свету даюць магчымасць гаварыць, што і кошт гэтага матора будзе ніжэйшы за імпартныя аналагі.

У мінулым годзе спецыялістамі завода ўжо былі атрыманы станоўчыя водзывы па выніках выпрабаванняў доследных узораў рухавікоў у складзе разнастайнай тэхнікі розных вытворцаў (міні-пагрузчык беларускай вытворчасці, падмятальна-вакуумная машына, ДГУ розных магутнасцей расійскіх вытворцаў і інш.).

Вялікія магчымасці адкрываюцца для матораў гэтай лінейкі ў плане пераабсталявання тэхнікі, якая была ў карыстанні. Першы прыклад такога пераабсталявання - аўтамабіль УАЗ-469 з рухавіком MMZ-4DTI-02 - з вялікім поспехам экспануецца на выстаўках, атрымаў шмат зацікаўленых водзываў у прэсе. Рынак былых ва ўжыванні УАЗаў вельмі вялікі, аналагаў пераабсталявання матораў бюджэтнай цэнавай палітыкі ў гэтай тэхнікі няма.

Для хутчэйшага задавальнення попыту на прадпрыемстве было прынята рашэнне аб вытворчасці ў 2021 годзе першай прамысловай партыі рухавікоў лінейкі MMZ-4D/4DT/4DTI/4DTG з улікам неабходнасці скарачэння часу і сродкаў на правядзенне падрыхтоўкі вытворчасці, з выкарыстаннем абходных тэхналогій.

Па сваім устройстве маторы гэтай лінейкі ўяўляюць сабой развіццё малалітражнага трохцыліндравага рухавіка MMZ-3LD. Выкарыстана шмат агульных серыйна выпускаемых дэталей, напрыклад, поршань, шатун, гільза цыліндра. Аднак ёсць і значна канструкцыйна адрозныя дэталі, што запатрабавала асобнай падрыхтоўкі вытворчасці, пачынаючы з этапу вытворчасці адлівак. У першую чаргу, адлівак базавых дэталей - блока цыліндраў і галоўкі блока цыліндраў, выраб якіх наладжваецца на новай ліцейнай вытворчасці ў філіяле ў Стоўбцах.

"Можна сказаць, што асноўная работа па падрыхтоўцы вытворчасці першай прамысловай партыі рухавікоў новага сямейства MMZ-4D/4DT/4DTI/4DTG завершана. Рухавікі будуць пастаўляцца спажыўцам", - падкрэслілі на прадпрыемстве.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вытворчасці сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 кВт да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі