Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 чэрвеня 2021, 11:37

Мінскі маторны завод у студзені-маі павялічыў экспарт на 22 працэнты

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод у студзені - маі павялічыў экспарт прадукцыі на 22 працэнты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

"Доля экспарту ў агульным аб'ёме продажаў, па стане на канец мая, склала амаль 37 працэнтаў. Лідарам у аб'ёме адгрузкі (у грашовым выражэнні) з'яўляюцца дызельныя рухавікі - больш за 78 працэнтаў", - расказалі ў прэс-службе.

Геаграфія паставак прадукцыі Мінскага маторнага завода ўключае 21 краіну. Рухавікі, запасныя часткі да іх і спецтэхніка ММЗ пастаўляюцца ў Расію, Украіну, Казахстан, Венгрыю, Літву, Польшчу, Чэхію, Узбекістан, Малдову, Германію і іншыя краіны. Доля Расійскай Федэрацыі ў агульным аб'ёме адгрузкі ў бягучым перыядзе склала больш за 28 працэнтаў.

Спыняцца на дасягнутым Мінскі маторны завод не збіраецца. Плануецца няўхільна нарошчваць аб'ёмы паставак прадукцыі ва Узбекістан, Егіпет, Казахстан, Азербайджан, Таджыкістан, Пакістан. Вялікі патэнцыял для нарошчвання аб'ёмаў ёсць на новых рынках збыту: краіны Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі, В'етнам, Зімбабвэ, Турцыя і інш.

Мэтам пашырэння экспарту садзейнічае развіццё тавараправоднай сеткі прадпрыемства. Так, у студзені заключана дылерскае пагадненне з буйной кампаніяй Таджыкістана, у сакавіку - з кампаніямі з Афганістана і Кыргызстана, у маі - з прамысловай кампаніяй з Пакістана.

Для пашырэння зоны продажаў прадукцыі ММЗ ва Уральскай і Сібірскай федэральных акругах РФ у красавіку гэтага года адкрыты філіял ТАА "Гандлёвы дом "Мінскі маторны завод" у Цюмені. "Філіял дасць магчымасць аператыўна ажыццяўляць пастаўкі рухавікоў для патрэб прадпрыемстваў прамысловай зборкі на тэрыторыі Уральскай федэральнай акругі, якія сканцэнтраваныя пераважна ў Чэлябінскай і Свярдлоўскай абласцях", - растлумачылі ў прэс-службе.

Таксама ў Сібірскай федэральнай акрузе наладжваюцца дзелавыя і бізнес-кантакты з прадпрыемствамі і арганізацыямі, гатовымі да супрацоўніцтва з беларускім вытворцам матораў. Новы філіял дасць магчымасць пашырыць базу прамысловых прадпрыемстваў, якія прымяняюць рухавікі вытворчасці ММЗ у канечным прадукце, павысіць якасць сэрвіснага абслугоўвання за кошт пастаяннага знаходжання на складзе ва Уральскай федэральнай акрузе пашыранага асартыменту рухавікоў і запасных частак для аператыўнай іх пастаўкі спажыўцам.

У бягучым годзе пачалося супрацоўніцтва з трыма прадпрыемствамі прамысловай зборкі з Іжэўска, Чэлябінска і буйным заводам у Санкт-Пецярбургу.

"Інтэнсіўная работа па павелічэнні экспартнага складніка аб'ёмаў рэалізацыі прадукцыі Мінскага маторнага завода прадоўжыцца. Усе перадумовы для нарошчвання тэмпаў ёсць, эканамічныя ўмовы спрыяльныя, партнёры выказваюць дзелавую актыўнасць і ўзрастаючую зацікаўленасць", - падкрэслілі на прадпрыемстве.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі