Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 сакавіка 2019, 17:55

Мінскі маторны завод распрацоўвае газавы рухавік для БелАЗа

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод (ММЗ) распрацоўвае газавы рухавік для кар'ернай тэхнікі БелАЗ. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод" Аляксандр Рагожнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усе сілы накіроўваем на распрацоўку цяжкага рухавіка для патрэб БелАЗа. Гэта будзе 12-цыліндравы рухавік магутнасцю да 2 тыс. конскіх сіл у газавым выкананні. Гэта тое, чаго сёння на рынку няма. Мы прыйшлі да разумення, як рухацца ў гэтым напрамку і як атрымаць рэзультат. Каб выпусціць узор, неабходна як мінімум паўтара-два гады", - адзначыў Аляксандр Рагожнік.

Акрамя таго, у бягучым годзе ММЗ акцэнтуе ўвагу на стварэнні і ўкараненні ў вытворчасць новага сямейства дызельных рухавікоў павышанага тэхнічнага ўзроўню з палепшанымі экалагічнымі і тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі. Як растлумачыў галоўны канструктар прадпрыемства, размова ідзе аб стварэнні рухавікоў экалагічнага стандарту Stage 5. Цяпер завод выпускае маторы, якія адпавядаюць экалагічным нормам выкідаў EURO-0/1/2/3/4/5, Stage 3А/3B/4.

Цяпер на заводзе распрацоўваюць газапоршневы рухавік, першы ўзор якога разлічваюць атрымаць да канца бягучага года. Доследныя ўзоры газадызельных рухавікоў ужо выпушчаны і праходзяць выпрабаванні ў складзе тэхнікі МТЗ і "Амкадор".

Мінскі маторны завод, якому ў 2018 годзе споўнілася 55 гадоў, спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці сучасных трох-, чатырох-, шасці-, васьміцыліндравых дызельных рухавікоў у дыяпазоне магутнасцей ад 35 да 460 к.с. Рухавікі пастаўляюць на вытворчыя канвееры 49 прадпрыемстваў Беларусі, Расіі, іншых краін СНД і далёкага замежжа. У прыватнасці, яны прымяняюцца ў тэхніцы МАЗ, МТЗ, "Амкадор". У 2018 годзе на прадпрыемстве выпусцілі звыш 43,9 тыс. рухавікоў, у 2019-м плануецца вырабіць 47,1 тыс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі