Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 мая 2019, 15:40

Мінсельгасхарч разлічвае на зняцце забароны на пастаўкі ў Расію беларускіх яблыкаў і груш

30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі разлічвае, што забарона на пастаўкі ў Расію беларускіх яблыкаў і груш будзе знята. Аб гэтым заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў, намеснік міністра Уладзімір Гракун, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я думаю, гэта пытанне здымецца. Яно проста надуманае", - сказаў Уладзімір Гракун.

На яго думку, прадукцыя, якая вырошчваецца ў Беларусі, павінна пастаўляцца на рынкі партнёраў без абмежаванняў. "І я думаю, яна будзе пастаўлена", - дадаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання.

Уладзімір Гракун звярнуў увагу, што пытанні, якія час ад часу ўзнікаюць з расійскімі калегамі ў частцы паставак прадуктаў харчавання, у выніку здымаюцца. Што ж датычыцца яблыкаў і груш, то беларускі бок пры неабходнасці гатовы арганізаваць наведванне гаспадарак спецыялістамі Рассельгаснагляду для адпаведнай інспекцыі. "Мы гатовы паказаць сады, якія ў нас пасаджаны (а гэта 20 тыс. га інтэнсіўнага тыпу з ураджайнасцю ад 20 да 60 т з гектара)", - удакладніў намеснік міністра. Спецыялістам Рассельгаснагляду гатовы прадаставіць у тым ліку інфармацыю, колькі яблыкаў і груш было атрымана айчыннымі вытворцамі, колькі закладзена на захоўванне. Паводле слоў Уладзіміра Гракуна, гэта звычайная практыка. "Так у нас з Рассельгаснаглядам і вялося: яны рабілі інвентарызацыю, вызначаліся па кожным пастаўшчыку па аб'ёмах і адсочвалі, каб тыя не паставілі больш", - растлумачыў ён.

Намеснік міністра ў выніку падкрэсліў, што сельгасарганізацыі, фермерскія гаспадаркі, якія вырошчваюць яблыкі і грушы, не займаюцца камерцыяй - яны вырабляюць сваё.

Забарона на пастаўкі ў Расію беларускіх яблыкаў і груш была ўведзена Рассельгаснаглядам з 12 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі