Сцяг Аўторак, 20 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 красавіка 2025, 16:05

Мінсельгасхарч аб пасяўной: пачалі сяўбу лёну і цукровых буракоў, на чарзе кукуруза

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія аграрыі пасеялі раннія яравыя культуры на плошчы 70 працэнтаў да плана. У краіне таксама пачалі сяўбу лёну і цукровых буракоў, на чарзе кукуруза, расказаў журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў у час рэспубліканскай акцыі "Дай лесу новае жыццё" ў Жлобінскім лясгасе Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе была мяккая зіма, - адзначыў Юрый Горлаў. - Снежань і студзень мы аралі, таму ў нас вельмі шмат заарана. Напрыклад, у Жлобінскім раёне заарана больш як на 3 тыс. га. У цэлым па краіне гэта лічба таксама вельмі вялікая, таму мы сёння закрываем вільгаць, прычым па тэмпах мінулага года ў два разы больш. На сённяшні дзень пасеяна ранніх яравых культур на плошчы 70 працэнтаў да плана. Па першым разе мы падкармілі ўжо практычна ўсе азімыя культуры і перайшлі за 50 працэнтаў па другой падкормцы азімых збожжавых і рапсу".

Юрый Горлаў падкрэсліў, што ў краіне пачалі ўжо сяўбу лёну і цукровых буракоў. "Літаральна яшчэ 10 дзён, калі пройдуць нізкія тэмпературы, якія чакаюцца на наступным тыдні, і мы пачнём сяўбу кукурузы. Цяпер уносіцца арганіка пад сяўбу кукурузы. Упэўнены, што ўсе работы, намечаныя рабочым планам Мінсельгасхарча, будуць выкананы ў тэрмін", - сказаў ён.

Паводле слоў міністра, паступаюць прапановы ад асобных рэгіёнаў - у прыватнасці ад Брэсцкай вобласці - па пераглядзе структуры пасяўных плошчаў. Так, аграрыі хочуць на месцах змяніць сяўбу ранніх яравых культур і зрабіць большы акцэнт на вырошчванні кукурузы на зерне.

"Мы ідзём ім насустрач, паколькі гэта эканамічна абгрунтавана, і з улікам такіх падыходаў мы атрымаем больш зерня, - растлумачыў ён. - Працуем па Віцебскай вобласці. Мы ўжо вызначыліся, што нават у Верхнядзвінскім раёне, адным з самых паўночных, у гэтым годзе таксама будуць павялічаны плошчы пад пасеў кукурузы на зерне. Але тэхнічна ім трэба будзе пераўзброіцца, каб восенню ўбраць гэту кукурузу, а таксама правільна ёю распарадзіцца. У гэтым мы таксама падстаўляем ім плячо і сумесна вырашаем пытанні".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі