Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 лютага 2023, 18:51

Мінпрам: імпартазамяшчальныя праекты ў рамках крэдыту РФ знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Імпартазамяшчальныя інтэграцыйныя праекты ў рамках крэдыту Расіі знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.

Як паведамлялася, кіраўнікі фінансавых ведамстваў Беларусі і Расіі падпісалі ў лістападзе 2022 года міжурадавае пагадненне аб выдзяленні Беларусі крэдыту на імпартазамяшчальныя праекты.

У рамках дакумента ўрады дзвюх краін зацвердзілі пералік імпартазамяшчальных інтэграцыйных праектаў, якія накіраваны ў тым ліку на рэалізацыю дамоўленасцей па правядзенні адзінай прамысловай палітыкі ў мэтах замяшчэння крытычнага імпарту.

У пераліку 16 праектаў на агульную суму каля 80 млрд расійскіх рублёў. У іх ліку два праекты ў сферы мікраэлектронікі рэалізуюць ААТ "Інтэграл" і ААТ "Планар".

Шэраг праектаў па стварэнні кампанентнай базы выканаюць "АМКАДОР", "Гомсельмаш", БЕЛАЗ і "Салеа". Найбольш значныя з іх - выпуск шырокай лінейкі вузлоў трансмісій (мастоў, каробак перадач, рэдуктараў) і складанага высокадакладнага гідраабсталявання.

Асаблівае месца займаюць праекты па выпуску прадукцыі з высокай ступенню лакалізацыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Напрыклад, на БЕЛАЗе прадугледжваецца мадэрнізацыя вытворчасці і павелічэнне выпуску цяжкай кар'ернай тэхнікі, на "АМКАДОРы" - пашырэнне вытворчых магутнасцей па выпуску машын лесапрамысловага комплексу на ўласнай элементнай базе, якія з'яўляюцца аднымі з самых навукаёмістых у машынабудаванні.

Некалькі праектаў плануецца рэалізаваць у галіне развіцця айчыннага станкабудавання. Найбольш прыярытэтныя - у Гомелі і Віцебску - па стварэнні лінеек зубаапрацоўчых станкоў і шматфункцыянальных высокапрадукцыйных апрацоўчых цэнтраў.

Да гэтага часу ўзгоднены пашпарты па ўсіх 16 перспектыўных імпартазамяшчальных інвестыцыйных праектах.

Між тым профільныя ведамствы дзвюх краін прадаўжаюць работу па пашырэнні пераліку імпартазамяшчальных інтэграцыйных праектаў. Міністэрства прамысловасці Беларусі рыхтуе да ўзгаднення з расійскімі калегамі яшчэ каля 10 праектаў, рэалізацыя якіх запланавана на бліжэйшы час.

У прэс-службе адзначылі, што пералік праектаў застаецца адкрытым. Любое прадпрыемства краіны, якое сваёй мэтай ставіць рэалізацыю інвестыцыйных інтэграцыйных праектаў у сферы імпартазамяшчэння для рынкаў дзвюх краін, можа ва ўстаноўленым парадку падаць заяўку ў Мінпрам і атрымаць фінансаванне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі