
18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія ў бліжэйшы час падпішуць дарожную карту па станкабудаванні. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да Дня машынабудаўніка, намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Яфімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністэрства прамысловасці разам з калегамі з Мінпрамгандлю Расійскай Федэрацыі з мінулага года актыўна развівае такі напрамак як станкаінструментальная прамысловасць, чаму садзейнічае шырокая праграма па рэалізацыі шэрага інвестыцыйных праектаў. "Запушчаны новы інвестыцыйны цыкл і па сістэме Мінпрама рэалізоўваецца ў сярэднетэрміновай перспектыве каля 65 інвестпраектаў, не ўлічваючы звычайныя праграмы мадэрнізацыі, якія кожны дзень, кожны месяц нашымі прадпрыемствамі выконваюцца", - сказаў Аляксандр Яфімаў.
"Мы зведалі вялікую патрэбнасць у апрацоўчым абсталяванні ўсіх тыпаў, таму галіна актыўна развівае такі напрамак. Гэтаму садзейнічае шэраг міжурадавых пагадненняў, падпісаных паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй. Ключавымі з іх з'яўляюцца пагадненне аб адзінай прамысловай палітыцы, пагадненне аб узаемным прызнанні тэхналагічных аперацый і міжурадавае пагадненне аб сумесным развіцці станкаінструментальнай прамысловасці", - адзначыў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, у самы бліжэйшы час паміж Мінпрамам Беларусі і Мінпрамгандлем Расіі будзе падпісана дарожная карта па рэалізацыі адпаведнага міжурадавага пагаднення. Дакумент прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для ўстанаўлення і падтрымання прамых сувязей і развіцця кааперацыі па рэалізацыі сумесных праектаў паміж вытворцамі станкаінструментальнай прадукцыі дзвюх краін, стварэнне сумесных вытворчасцей станкаінструментальнай прадукцыі, а таксама фарміраванне прапаноў па распрацоўцы мер дзяржаўнай падтрымкі вытворцаў станкаінструментальнай прадукцыі Саюзнай дзяржавы. Таксама ў дарожную карту ўключана рэалізацыя праекта "Саюзны станок", накіраванага на стварэнне станка з камплектуючых, вырабленых на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
"Разумеючы, што эканамічная бяспека грунтуецца менавіта на тэхналагічным суверэнітэце, развіццю станкаінструментальнай прамысловасці будзе ўдзелена пільная ўвага. Усе прымаемыя меры ўжо прыводзяць да добрых вынікаў", - падкрэсліў Аляксандр Яфімаў.-0-