Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 верасня 2022, 16:41

Міністр: якасная падрыхтоўка аб'ектаў ЖКГ - залог паспяховага ацяпляльнага сезона

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасяджэнне калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі прайшло ў рамках профільнай выстаўкі "Наш дом" пад старшынствам міністра Андрэя Хмеля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па ўсёй Беларусі з дня на дзень пачнецца масавае ўключэнне ацяплення. У першую чаргу яно паступіць у дзіцячыя дашкольныя, школьныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы, установы сацыяльнага забеспячэння, музеі, дзяржаўныя архівы, бібліятэкі, гасцініцы. Тэмай цяперашняй калегіі стаў разгляд гатоўнасці аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння да работы ў асенне-зімовы перыяд, таму што для галіны ўзровень гатоўнасці будынкаў і ўстаноў да гэтага перыяду мае першарадную важнасць. "Мы штогод разглядаем пытанне падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду на пасяджэннях калегіі, а пасля гэтага на пасяджэннях Савета Міністраў. Якасная падрыхтоўка - залог паспяховага праходжання ацяпляльнага перыяду. Пастановай урада і профільнай праграмай былі пастаўлены канкрэтныя задачы, якія таксама дакладна распісаны. Па некаторых пытаннях мы ідзём з апярэджаннем графіка", - адзначыў Андрэй Хмель.

На пасяджэнні спецыялісты расказалі аб цяперашняй сітуацыі па працэсах замены і капрамонце катлоў, замены цеплавых сетак, стварэнні запасаў паліва, прафілактычным рамонце сістэм ацяплення і іншых напрамках. Паводле слоў аднаго з дакладчыкаў, генеральнага дырэктара ДА "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Марыны Тоўсцік, у Мінску асноўныя сеткі ўжо заменены, а работы, якія засталіся, ажыццяўляюцца ў падвалах жылых дамоў.

Задача калегіі - разгледзець і вывучыць праблемныя пытанні, якія ўзнікалі ў жыллёва-камунальных службаў у час падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона. Далейшая работа будзе накіравана на выпрацоўку кіраўніцкіх рашэнняў для выключэння пэўных цяжкасцей у сферы ЖКГ. Па выніках сустрэчы міністр даручыў дапрацаваць пастанову па гэтым пытанні з улікам абмеркавання ва ўстаноўленыя тэрміны.

У склад калегіі міністэрства ўваходзяць 10 членаў. Акрамя таго, на пасяджэнне калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі былі запрошаны намеснікі старшынь аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, якія курыруюць пытанні ЖКГ, кіраўнікі абласных упраўленняў і аддзелаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, кіраўнікі дзяржаўных аб'яднанняў і арганізацый ЖКГ, начальнікі ўпраўленняў і самастойных аддзелаў цэнтральнага апарату міністэрства і прадстаўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі