
13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тавараабарот Беларусі і Татарстана перавышае $1 млрд, але ёсць патэнцыял для яго істотнага павелічэння. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Рэспублікі Татарстан Рустам Мініханаў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наш тавараабарот прыкладна $1 млрд. Гэта лічба, магчыма, і не маленькая, але патэнцыял значна большы", - сказаў кіраўнік рэгіёна.
Паводле яго слоў, новыя выклікі, у тым ліку і санкцыйны націск, прымусілі пастаўшчыкоў пераарыентавацца і знайсці новыя лагістычныя схемы. Гэта датычыцца, напрыклад, і аўтамабільнай галіны. "Мы вельмі ўдзячныя партнёрам з Беларусі за атрыманне кампанентаў для нашых аўтамабільных заводаў", - падкрэсліў Рустам Мініханаў.
Сур'ёзныя магчымасці ён бачыць у супрацоўніцтве Беларусі і Татарстана ў сферы авіябудавання. Як вядома, дасягнута дамоўленасць аб вытворчасці і пастаўках з Беларусі авіякампанентаў для Казанскага авіязавода. "Мы лічым, што ў нас ёсць добрыя кантакты ў частцы развіцця нафтахіміі, і тут таксама ёсць патэнцыял не толькі ўзаемных паставак, але і ў стварэнні вытворчасцей, - дадаў кіраўнік рэгіёна. - Вельмі цікавы праект па біятэхналогіях - глыбокай перапрацоўцы збожжа. Мы гэту тэму таксама будзем актыўна разглядаць".
Акрамя эканомікі, плануецца ўзмацніць узаемадзеянне ў сферах адукацыі (абмен студэнтамі), культуры (на верасень запланавана правядзенне дзён культуры Татарстана ў Беларусі), спорту і турызму. "Усе гэтыя пытанні ўяўляюць вялікі інтарэс як для Татарстана, так і для Беларусі", - рэзюмаваў Рустам Мініханаў.-0-