Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 чэрвеня 2019, 14:24

Мінфін Беларусі разлічвае на прыцягненне крэдытаў фондаў Персідскага заліва

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства фінансаў Беларусі лічыць перспектыўным узаемадзеянне з фондамі, зарэгістраванымі ў краінах Персідскага заліва. Аб гэтым гаворыцца ў артыкуле намесніка міністра фінансаў Андрэя Белкаўца, размешчаным у часопісе "Финансы. Учет. Аудит", паведамляе БЕЛТА.

Беларусь актыўна працуе з Сусветным банкам і рознымі еўрапейскімі структурамі - ЕБРР, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, Паўночным інвестыцыйным банкам. Паводле ацэнкі Мінфіна, супрацоўніцтва з гэтымі структурамі выгаднае: яны прадастаўляюць доўгатэрміновыя крэдыты на вельмі прывабных умовах. Але ў іх, як і ў любога банка ў свеце, ёсць абмежаванні па аб'ёме крэдытнай рызыкі на аднаго пазычальніка.

"Па меры нарошчвання ўкладанняў у нашу краіну магчымасці фінансавання скарачаюцца і мы прыходзім да неабходнасці пошуку новых крыніц ільготных рэсурсаў. У гэтым кантэксце перспектыўным бачыцца ўзаемадзеянне з фондамі, зарэгістраванымі ў краінах Персідскага заліва", - адзначыў Андрэй Белкавец.

У краінах Персідскага заліва дзейнічаюць Фонд развіцця Абу-Дабі, Саудаўскі фонд развіцця, Кувейцкі фонд арабскага эканамічнага развіцця, Фонд міжнароднага развіцця ОПЕК, Ісламскі банк развіцця, Арабскі фонд эканамічнага і сацыяльнага развіцця, Арабскі банк эканамічнага развіцця Афрыкі. Фонды прытрымліваюцца пэўных падыходаў да крэдытавання: доля іх удзелу ў праекце складае не больш як 50 працэнтаў агульнага кошту, тэрмін пазыкі - да 25 гадоў, працэнтная стаўка не перавышае 6 працэнтаў гадавых і залежыць ад узроўню даходаў на душу насельніцтва (самыя бедныя краіны атрымліваюць сродкі на максімальна льготных умовах). Мандат большасці фондаў не абмежаваны арабскімі краінамі, яны фінансуюць праекты па ўсім свеце.

Беларусь ужо мела вопыт супрацоўніцтва з Кувейцкім фондам арабскага эканамічнага развіцця (КФАЭР), у 2002 годзе падпісана пагадненне аб крэдыце для рэканструкцыі завода поліэфірных ніцей у Светлагорску. У далейшым супрацоўніцтва было пастаўлена на паўзу, аднак у 2018 годзе пачалася прапрацоўка магчымасці прыцягнення сродкаў КФАЭР для рэканструкцыі комплексу будынкаў гродзенскага анкалагічнага дыспансера.

Ацэначная місія КФАЭР працавала ў Беларусі з 21 красавіка па 1 мая 2019 года, у выніку ўзгоднены ўмовы крэдыту. Фонд прыме ўдзел у фінансаванні праекта і выдзеліць ільготную пазыку ў памеры 7,5 млн кувейцкіх дынараў (эквівалентна $25,5 млн) тэрмінам на 24 гады.

"Улічваючы дружалюбныя адносіны, якія склаліся ў Беларусі з шэрагам краін Блізкага Усходу, мы маем рэальную магчымасць пашырыць кола партнёраў і атрымаць дадатковыя крыніцы льготных крэдытных рэсурсаў", - рэзюмаваў Андрэй Белкавец.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі