Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 студзеня 2022, 10:26

Мінфін аб бюджэце на 2022 год: у ліку прыярытэтаў - дэмаграфічная бяспека

4 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб прыярытэтах пры фарміраванні бюджэту расказала 3 студзеня журналістам намеснік міністра фінансаў Алена Печань, каменціруючы падпісаны кіраўніком дзяржавы закон "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Даходы зацверджаны ў суме Br27,8 млрд, расходы - амаль Br30,8 млрд. Фарміравалі бюджэт па больш асцярожным у параўнанні з мэтавым сцэнарыі развіцця эканомікі, больш стрымана ўлічылі тэмп росту ВУП для вызначэння паказчыкаў бюджэту, вельмі ўзважана падышлі да расходнай часткі. У прыватнасці, Br900 млн не былі размеркаваны на фінансаванне тых ці іншых расходаў - яны ўлічаны ў дадатковым рэзервовым фондзе кіраўніка дзяржавы. У выпадку нематэрыялізацыі рызык, якія негатыўна могуць паўплываць на выкананне бюджэту, гэтыя сродкі ў бягучым годзе будуць накіраваны на дадатковае павышэнне заработнай платы работнікаў бюджэтнага сектара, а таксама на фінансаванне інвестыцыйных праграм, перш за ўсё ў рэгіёнах", - сказала Алена Печань.

Паводле яе слоў, сацыяльны блок расходаў не толькі захаваны, але і істотна прырос. "Прыкладна 45 працэнтаў усіх расходаў кансалідаванага бюджэту займаюць расходы на фінансаванне сацыяльнай сферы. Гэта сведчыць аб рэальным клопаце дзяржавы пра грамадзян. Традыцыйна асноўную нагрузку ў гэтай частцы на сабе нясуць мясцовыя бюджэты. У ліку прыярытэтаў, безумоўна, застаецца павышэнне дабрабыту грамадзян. Расходы на фінансаванне заработнай платы бюджэтнікаў павялічаны ў параўнанні з мінулым годам на Br1,7 млрд. Ужо з 1 студзеня прынята рашэнне аб павышэнні базавай стаўкі да Br207, акрамя таго, з паловы да цэлага акладу павялічана дапамога на аздараўленне для работнікаў бюджэтных арганізацый. Таксама мэтавым фінансаваннем прадугледжана ў кансалідаваным бюджэце Br600 млн на ўстанаўленне новых надбавак, у прыватнасці настаўнікі адчуюць гэта ўжо з 1 студзеня: для іх устаноўлена надбаўка за класнае кіраўніцтва і куратарства", - адзначыла намеснік міністра. Дадатковыя надбаўкі за работу ў галіне будуць устаноўлены для работнікаў сферы сацабслугоўвання, фізкультуры і спорту, а таксама для арганізацый, якія аказваюць паслугі ў галіне культуры.

У ліку бюджэтных прыярытэтаў - дэмаграфічная бяспека. Чакаецца, што каля 14900 сем'яў звернуцца ў бягучым годзе за выплатай сямейнага капіталу. На гэтыя мэты ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжана Br380 млн. Акрамя таго, у два разы павялічана фінансаванне на правядзенне бясплатнай працэдуры ЭКА - гэта Br11 млн. Таксама захоўваецца магчымасць атрымаць ільготны крэдыт з кампенсацыяй за кошт бюджэту на гэтыя мэты.

Што датычыцца аховы здароўя, прыкладна 70 працэнтаў расходаў пакрываецца за кошт бюджэту. "Расходы кансалідаванага бюджэту на гэтыя мэты - Br8,4 млрд. З іх Br1,9 млрд будзе накіравана на набыццё лякарстваў і вырабаў медыцынскага прызначэння. На набыццё вакцыны прадугледжана Br240 млн, на інвестпраект па стварэнні ўласнай вакцыны ад COVID-19 - яшчэ Br50 млн", - дадала Алена Печань.

Расходы на адукацыю прадугледжаны ў памеры Br8,6 млрд. Акрамя звычайных расходаў на стварэнне базы для ўстаноў адукацыі і фінансаванне арганізацыі навучальнага працэсу, у бягучым годзе прадугледжана рэалізацыя пілотнага праекта па правядзенні экскурсій прыкладна для 100 тыс. навучэнцаў 10-11 класаў для павышэння грамадзянскай актыўнасці моладзі, развіцця патрыятычнага выхавання.

"Дзяржава не забывае і тых людзей, якія заклалі фундамент нашай рэчаіснасці. Калі раней матэрыяльная дапамога ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны аказвалася ў рамках юбілейных дат, то з бягучага года ў рэспубліканскім бюджэце на гэтыя мэты прадугледжана Br11 млн", - звярнула ўвагу намеснік міністра.

Беларусь таксама мае намер захоўваюць сваю рэпутацыю надзейнага пазычальніка, які своечасова і ў поўным аб'ёме выконвае свае абавязкі. На пагашэнне дзярждоўгу прадугледжана Br6,9 млрд у эквіваленце, на абслугоўванне - амаль Br3,5 млрд.

"У цэлым бюджэт зацверджаны з дэфіцытам прыкладна 1,5 працэнта да ВУП. Гэта абсалютна дапушчальны для нас дэфіцыт, крыніцы для яго фінансавання ў нас гарантавана ёсць - гэта астаткі раней назапашаных сродкаў бюджэту", - рэзюмавала Алена Печань.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі