Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 чэрвеня 2021, 13:18

Мінэнерга і Дзяржатамнагляд пракаменціравалі заяву Еўракамісіі ў сувязі з выдачай ліцэнзіі БелАЭС

4 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства энергетыкі і Дзяржатамнагляд пракаменціравалі заяву Еўрапейскай камісіі ў сувязі з выдачай ліцэнзіі на эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай АЭС, паведамляе БЕЛТА.

"Стрэс-тэсты АЭС не павінны быць прадметам палітычных маніпуляцый. Гэта супярэчыць іх асноўнай мэце - павышэнню бяспекі і надзейнасці атамных станцый у Еўропе. Правядзенне стрэс-тэстаў і рэалізацыя па іх выніках дадатковых мер па забеспячэнні бяспекі АЭС - абсалютна добраахвотны працэс. У яго аснове - узгодненыя дзеянні еўрапейскай супольнасці, імкненне кожнай дзяржавы, якая ўдзельнічае ў гэтай важнай і маштабнай рабоце, унесці свой уклад ва ўмацаванне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Беларусь, якая перажыла трагедыю Чарнобыля, зацікаўлена ў гэтым як ніхто іншы", - падкрэслілі ў Міністэрстве энергетыкі.

У міністэрстве заявілі, што Беларусь адкрыта і празрыста ідзе па шляху выканання рэкамендацый па выніках праведзеных стрэс-тэстаў БелАЭС, на рэгулярнай аснове супрацоўнічае з экспертамі Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG). "Ключавыя мерапрыемствы нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў, якія датычацца дадатковых сістэм і абсталявання для забеспячэння бяспекі Беларускай АЭС, выкананы. Узровень іх рэалізацыі станоўча ацэнены экспертамі ENSREG, якія наведалі пляцоўку станцыі ў лютым 2021 года. Цяпер беларускія спецыялісты працуюць над рэалізацыяй астатніх пунктаў плана, а гэта пераважна даследчая і экспертная работа, якая патрабуе большай увагі і часу і разлічана да канца 2025 года", - праінфармавалі ў Мінэнерга.

"Як і многія іншыя еўрапейскія дзяржавы, Беларусь рэалізуе план паэтапна. З уводам першага энергаблока БелАЭС у прамысловую эксплуатацыю гэта работа прадоўжыцца. І тут няма супярэчнасцей, паколькі самая важная частка мерапрыемстваў ужо рэалізавана. Цяпер на пляцоўцы БелАЭС рыхтуюцца да прыёму чарговай місіі ENSREG, якая запланавана на верасень", - звярнулі ўвагу ў міністэрстве.

"Замест таго, каб падтрымліваць канструктыўнае ўзаемадзеянне ў сферы ўмацавання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, еўрапейскія палітыкі робяць гучныя заявы, спрабуючы абясцэніць прагрэс нашай краіны ў рэалізацыі рэкамендацый па выніках стрэс-тэстаў, нагнятаюць абстаноўку, навешваючы на Беларусь ярлык нядобрасумленнага ўдзельніка агульнаеўрапейскага працэсу па ўмацаванні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Такая рыторыка наглядна дэманструе прымяненне двайных стандартаў і ідзе ўразрэз з міжнароднымі прынцыпамі партнёрства", - заявілі ў Мінэнерга.

Дзяржатамнагляд у сваю чаргу падкрэсліў, што працэс ліцэнзавання эксплуатацыі энергаблока нумар 1 БелАЭС быў выкананы ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Беларусі, якія грунтуюцца на стандартах бяспекі МАГАТЭ. "Пры гэтым эксплуатуючая арганізацыя прадэманстравала, а рэгулюючы орган праверыў выкананне ў поўным аб'ёме ўстаноўленых патрабаванняў", - падкрэслілі ў ведамстве.

Мерапрыемствы па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС не з'яўляюцца састаўной часткай працэсу ліцэнзавання. "Пры гэтым яны запланаваны і рэалізуюцца ў кантэксце прыхільнасці да пастаяннага ўдасканалення бяспекі і з мэтай павелічэння запасаў бяспекі Беларускай АЭС над устаноўленымі патрабаваннямі", - звярнулі ўвагу ў Дзяржатамнаглядзе.

У рамках першай фазы партнёрскага агляду адносна нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў Беларускай АЭС эксперты ENSREG ідэнтыфікавалі і прааналізавалі сем задач, выкананне якіх з'яўляецца прыярытэтным да пачатку прамысловай эксплуатацыі Беларускай АЭС. "У папярэдняй справаздачы ENSREG зроблены вывад, што беларускі бок належным чынам улічыў і выканаў рэкамендацыі 2018 года, звязаныя з прыярытэтнымі задачамі", - нагадалі ў ведамстве.

Дзяржатамнагляд падзяляе тэзіс аб важнасці выканання ўсіх рэкамендацый, выкладзеных у справаздачы ENSREG аб партнёрскай праверцы вынікаў стрэс-тэстаў Беларускай АЭС 2018 года. Дэпартамент пацвердзіў цвёрды намер беларускага боку выканаць усе рэкамендацыі ENSREG, якія былі атрыманы ў рамках стрэс-тэстаў, гэтак жа як і меры, заснаваныя на ўласных вывадах у рамках нацыянальнай ацэнкі вынікаў стрэс-тэстаў, у тэрміны, устаноўленыя нацыянальным планам.

"Дзяржатамнагляд таксама пацвярджае гатоўнасць прадоўжыць і завяршыць другую фазу партнёрскага агляду ENSREG адносна нацыянальнага плана, падчас якой будуць разгледжаны ўсе астатнія пытанні, звязаныя з выкананнем рэкамендацый па выніках правядзення стрэс-тэстаў Беларускай АЭС. Мерапрыемствы ў рамках другой фазы партнёрскага агляду пачаліся ўжо. У перыяд з 17 мая па 1 чэрвеня адбыліся экспертныя кансультацыі ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі прадстаўнікоў беларускага боку з экспертамі ENSREG. У далейшым чакаецца візіт экспертаў ENSREG у Беларусь, падрыхтоўка, адабрэнне і публікацыя ў адкрытым доступе канчатковай справаздачы аб партнёрскім аглядзе", - рэзюмавалі ў ведамстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі