Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 лютага 2023, 15:58

Мінэнерга Беларусі плануе развіваць супрацоўніцтва з расійскім вытворцам ядзернага паліва

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства энергетыкі Беларусі плануе развіваць супрацоўніцтва з расійскім вытворцам ядзернага паліва АТ "ТВЭЛ". Адпаведная дамоўленасць дасягнута на сустрэчы міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча з дэлегацыяй кампаніі "ТВЭЛ" на чале з прэзідэнтам Наталляй Нікіпелавай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ведамства.

Бакі абмеркавалі асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння, а таксама перспектывы рэалізацыі новых сумесных праектаў.

У Беларусі і расійскай кампаніі значны патэнцыял для пашырэння партнёрства. "І гэта не толькі ўзаемадзеянне ў сферы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, але і спадарожныя перспектыўныя галіны, у якіх кампанія мае ўнікальны вопыт і высокія кампетэнцыі", - удакладніў Віктар Каранкевіч.

Сумеснымі намаганнямі праведзена сур'ёзная работа па падрыхтоўцы стратэгічных для атамнай галіны нашай краіны дакументаў - нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі, канцэпцыі вываду з эксплуатацыі Беларускай АЭС, праекта будаўніцтва рэспубліканскага пункта захоўвання радыеактыўных адходаў.

У мінулым годзе адбыўся шэраг важных сустрэч беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі прадпрыемстваў кампаніі, у тым ліку на ўзроўні намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка. Былі намечаны новыя перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва, у тым ліку па забеспячэнні збалансаванага ядзернага паліўнага цыкла, задачай якога з'яўляецца эфектыўнае абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам і рацыянальнае выкарыстанне прадуктаў яго перапрацоўкі.

У Мінэнерга падкрэслілі, што не менш важнай для беларускага боку з'яўляецца сумесная работа па падрыхтоўцы кадраў у сферы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. Бакі плануюць распрацаваць дарожную карту супрацоўніцтва па гэтым напрамку з уключэннем у яе канкрэтных прадпрыемстваў і навуковых інстытутаў кампаніі. На сустрэчы таксама былі разгледжаны магчымасці ўзаемадзеяння з кампаніяй у сферы ўкаранення адытыўных тэхналогій, паставак сістэм накаплення энергіі, прымянення сучасных рашэнняў па лічбавізацыі галіны і іншых.

АТ "ТВЭЛ" уваходзіць у склад дзяржкарпарацыі "Расатам" і з'яўляецца адзіным інтэгратарам расійскай атамнай галіны па вывадзе з эксплуатацыі ядзерных аб'ектаў і абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Гэта адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў ядзернага паліва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі