Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 красавіка 2020, 12:44

Мінэканомікі выпрацуе алгарытмы вырашэння праблем у турызме, грамадскім харчаванні і транспарце ва ўмовах пандэміі

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 11 красавіка ў Міністэрстве эканомікі адбылася сустрэча кіраўніцтва міністэрства і прадстаўнікоў дзелавой супольнасці ў фармаце "без гальштукаў", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў адзначыў, што яна з'яўляецца прадаўжэннем папярэдняй нарады з прадстаўнікамі бізнес-асацыяцый, якая адбылася 9 красавіка, і праводзіцца ў адказ на агучаныя тады прапановы. "Хачу нагадаць, што мэта нашай мінулай сустрэчы была не ў тым, каб абмяркоўваць агульнасістэмныя меры падтрымкі ва ўмовах пандэміі - іх мы ўлічылі, пакет сфарміраваны і ўнесены ва ўрад. Вам аб гэтым вядома. Я ж, як міністр эканомікі, хацеў пачуць вас і прыняць рашэнні па кропкавых напрамках, асобных галінах, дзе назіраюцца найбольшыя праблемы. Мы пачулі і разумеем, што гэта турызм, грамадскае харчаванне і транспарт. Калі ёсць іншыя напрамкі, давайце адпрацоўваць і іх. Па вашых прапановах мы плануем сфарміраваць рабочыя групы", - сказаў ён.

На прыкладзе групы па праблемах турыстычнай галіны міністр растлумачыў, што неабходна зрабіць: ацаніць стан галіны да і пасля пандэміі, падлічыць маштаб наступстваў з пункту гледжання занятасці, фінансавага стану кампаній, вызначыць зоны рызыкі і сферы аказання магчымай дапамогі. "Мэта гэтай групы - захаваць галіну, перш за ўсё ўнутранага і ўязнога турызму, і зрабіць умовы для ўнутранага турызму найбольш прывабнымі, у тым ліку стварыць умовы для пераарыентацыі часткі кампаній, якія раней займаліся выязным турызмам", - канстатаваў Аляксандр Чарвякоў.

На сустрэчы таксама закранулі праблемы транспарту, малога і сярэдняга прамысловага прадпрымальніцтва. Асобна абмеркавалі адно з самых вострых для бізнесу пытанняў - аб арэнднай плаце. Паводле слоў старшыні Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандра Калініна, яно крытычнае не толькі для бізнесу ў сферы грамадскага харчавання і забаў, але і для большасці малых і сярэдніх вытворчых прадпрыемстваў. У сувязі з гэтым было прапанавана надаць новы імпульс і паўнамоцтвы рабочай групе пры першым намесніку прэм'ер-міністра, якая адмініструецца Дзяржаўным камітэтам па маёмасці і разглядае ў тым ліку пытанні выкупу арандаванай дзяржаўнай маёмасці.

Не засталося без увагі і пытанне, якой павінна быць экасістэма малога і сярэдняга прадпрымальніцтва у далейшым. "Мы разумеем, што адбываецца ў свеце, і наша задача - адказаць на пытанне, як мы бачым развіццё пасля пандэміі", - сказаў міністр эканомікі. У сувязі з гэтым Аляксандр Чарвякоў праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы аб рабоце па праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, якую вядзе Мінэканомікі.

"Мы адпрацоўваем праграму развіцця ў новых умовах і паставілі перад сабой тры крытэрыі: максімальная занятасць, максімальная лакалізацыя і экспарт. Па іх фарміруем некалькі комплексных міжгаліновых праграм і планаў развіцця. Адзін з такіх планаў, напрыклад, гэта комплексны план развіцця аграпрамысловага комплексу і сумежных галін - яны ў сукупнасці фарміруюць каля 20 працэнтаў ВУП і валавога выпуску. Мы разумеем, якая частка прадуктаў харчавання неабходна, каб гарантаваць харчовую бяспеку краіны, гэта значыць унутраны рынак, што мы можам экспартаваць, улічваючы эка-нішу. Задача - вызначыць, які аб'ём рэсурсаў спатрэбіцца для ўключэння ўсіх галін, што ўдзельнічаюць у гэтым праекце, каб атрымаць на выхадзе максімальны эфект па названых крытэрыях. Такім чынам будуць падлічаны і планы развіцця па іншых блоках", - паведаміў кіраўнік Мінэканомікі.

Усе ўзнятыя на сустрэчы кропкавыя пытанні будуць прапрацаваны ў рамках рабочых груп або персанальна ўдзельнікамі нарады пры максімальнай падтрымцы Міністэрства эканомікі.

На рабочым тыдні ў Мінэканомікі адбудзецца таксама чарговая сустрэча з шырокім колам удзельнікаў - прадстаўнікоў бізнес-асяроддзя - у рамках маніторынгу бягучай эканамічнай сітуацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі