Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 красавіка 2021, 15:28

Мінбудархітэктуры ўзмоцніць кантроль за бяспекай працоўнай дзейнасці ў галіне

28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ўзмоцніць кантроль за бяспекай працоўнай дзейнасці ў галіне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Абсалютную большасць работ, што выконваюцца на будаўнічых аб'ектах, можна аднесці да катэгорыі работ з павышанай небяспекай, і без прыняцця спецыяльных тэхнічных і арганізацыйных мер бяспекі, забеспячэння высокай узгодненасці ў дзеяннях усіх работнікаў тут проста не абысціся. "У летні перыяд - сезон вялікіх будоўляў - узнікае неабходнасць ва ўзмацненні кантролю за ажыццяўленнем бяспечнай працоўнай дзейнасці ў галіне", - падкрэслілі ў міністэрстве.

"У будаўнічых арганізацыях краіны рэалізуецца цэлы комплекс мер, накіраваных на выкананне правіл проціпажарнай бяспекі і аховы працы. Мінбудархітэктуры ўдзяляе асаблівую ўвагу ўмовам, у якіх працуюць спецыялісты. Міністэрства пастаянна праводзіць работы па выкананні правіл проціпажарнай бяспекі і аховы працы на прадпрыемствах і будаўнічых пляцоўках краіны. Безумоўна, адказнасць за стварэнне ўмоў, якія адпавядаюць патрабаванням аховы працы, цалкам ускладзена на кіраўнікоў прадпрыемстваў. Іх задача - зрабіць усё неабходнае, каб зберагчы супрацоўнікаў ад прафзахворванняў і траўмаў падчас рабочага працэсу, а таксама забяспечыць няўхільнае выкананне правіл проціпажарнай бяспекі. Аднак на практыцы не ўсе кіраўнікі і работнікі арганізацый выконваюць гэтыя патрабаванні, адзначылі ў ведамстве.

"Мы выязджаем на аб'екты, дзе кантралюем выкананне патрабаванняў па ахове працы і проціпажарнай бяспецы, забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы, правядзенне інструктажу, стажыровак, праверак ведання пытанняў аховы працы, стварэнне ў арганізацыях належных санітарна-бытавых умоў, а таксама праводзім агляд і выпрабаванні эксплуатуемых прыстасаванняў і інструменту", - расказаў загадчык сектара аховы працы, санітарыі і экалогіі ўпраўлення энергазберажэння, экалогіі і аховы працы галоўнага ўпраўлення прамысловасці Мінбудархітэктуры Эдуард Халецкі.

У міністэрстве таксама адзначылі, што ў большасці арганізацый будаўнічай галіны краіны выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі бяспекі працы. Яскравы прыклад - сістэмы лазернай і электроннай машыннай агароджы на прамысловых прадпрыемствах будсектара. "Пасля ўстаноўкі такой сістэмы пры праходзе работніка праз машынную агароджу абрываецца ланцуг электрасілкавання абсталявання і яно спыняецца. Гэта дае магчымасць не толькі прадухіліць траўматызм, але і часам захаваць жыццё", - растлумачыў спецыяліст.

Важную ролю ў забеспячэнні бяспечных умоў працы адыгрывае і Беларускі прафсаюз работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будматэрыялаў. Тэхнічныя інспектары працы праводзяць маніторынг выканання заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях будгаліны. Галоўная мэта такога грамадскага кантролю - узмацненне адказнасці наймальнікаў за выкананне патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, аказанне практычнай дапамогі ў стварэнні здаровых і бяспечных умоў, прафілактыкі вытворчага траўматызму.

У 2020 годзе амаль у 20 працэнтах арганізацый, якія ўваходзяць у Беларускі прафсаюз работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў, праведзена тэхнічнае пераўзбраенне (мадэрнізацыя) вытворчасцей і тым самым палепшаны ўмовы працы для работнікаў, дадалі ў прэс-службе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі