Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 лютага 2024, 13:00

Металургія, сельская гаспадарка і легпрам. БУТБ абазначыла напрамкі супрацоўніцтва з узбекскім бізнесам

Фота з архіва
Фота з архіва
7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка, металургія і лёгкая прамысловасць вызначаны ў якасці асноўных напрамкаў развіцця біржавога гандлю Беларусі і Узбекістана ў 2024 годзе. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

"Прыцягненне на беларускую ўніверсальную таварную біржу прадпрыемстваў з гэтых сфер дазволіць істотна павялічыць біржавы тавараабарот паміж краінамі, умацаваць гандлёва-эканамічныя адносіны і стварыць новыя, больш эфектыўныя ланцужкі паставак", - заявіў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці БУТБ Аляксандр Башлій.

Узбекістан у 2023 годзе ўвайшоў у пяцёрку буйнейшых рынкаў збыту беларускіх тавараў, прытым гандаль вёўся па даволі вузкай таварнай наменклатуры.

"Па выніках мінулага года біржавы экспарт ва Узбекістан вырас больш як у 15 разоў. Разам з тым за кошт пашырэння асартыменту тавараў, якія набываюцца ўзбекскімі кампаніямі, мы маглі б дасягнуць яшчэ больш высокіх паказчыкаў. Цяпер на ўзбекскі рынак пастаўляюцца галоўным чынам піламатэрыялы і цукар, у той час як па такіх ліквідным пазіцыях, як сухое малако, сметанковае масла і металавырабы, здзелкі пакуль не заключаліся. Лічу, што рэалізацыя патэнцыялу гэтых таварных напрамкаў здольна вывесці біржавы гандаль Беларусі і Узбекістана на якасна новы ўзровень", - падкрэсліў Аляксандр Башлій.

Разам з паглыбленнем узаемадзеяння ў частцы экспарту беларускай прадукцыі начальнік упраўлення ЗЭД БУТБ таксама заклікаў больш актыўна прымяняць біржавы механізм для паставак тавараў узбекскай вытворчасці ў Беларусь. З гэтай мэтай плануецца задзейнічаць магчымасці пляцоўкі прамысловых і спажывецкіх тавараў БУТБ, на якой даступны папулярны ў беларускіх прадпрыемстваў сэрвіс імпартазамяшчэння.

"У 2023 годзе ўзбекскія вытворцы ўпершыню скарысталіся беларускай платформай імпартазамяшчэння для рэалізацыі баваўнянай пражы. Агульная сума здзелак склала $1,1 млн. У рамках развіцця біржавога імпарту ў бягучым годзе хацелася б не толькі павялічыць аб'ёмы продажаў па гэтай таварнай пазіцыі, але і вывесці на таргі іншыя віды імпартазамяшчальнай прадукцыі, якая выпускаецца ва Узбекістане. Біржа адкрыта для супрацоўніцтва і гатова разгледзець любыя прапановы ад прадстаўнікоў узбекскага бізнесу", - адзначыў Аляксандр Башлій.

Па стане на 1 лютага 2024 года на БУТБ акрэдытавана 101 кампанія з Узбекістана, у тым ліку 7 біржавых брокераў. За студзень сума здзелак узбекскіх удзельнікаў склала $5,2 млн. У студзені 2023 года гэты паказчык быў роўны $60 тыс.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі