Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лютага 2020, 14:09

Металургі пяці краін азнаёмяцца з вопытам работы БМЗ

13 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" 14 лютага прыме ўдзельнікаў 4-й міжнароднай канферэнцыі "Электрасталь: тэхналогія, абсталяванне, матэрыялы", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар прадпрыемства Аляксандр Алесік.

Больш як 50 прадстаўнікоў металургічнай галіны з Расіі, Украіны, Італіі, Вялікабрытаніі і Казахстана азнаёмяцца з вопытам работы Беларускага металургічнага завода. Удзельнікі наведаюць вытворчыя цэхі прадпрыемства. А ключавыя тэндэнцыі галіны і пытанні павышэння яе эфектыўнасці будуць абмеркаваны ў час круглага стала.

У парадку дня пленарных сесій форуму - пытанні эксплуатацыі і абслугоўвання дугавых сталеплавільных печаў з улікам магчымасцей новых тэхналогій і тэхнічных рашэнняў, а таксама шляхі зніжэння затрат і павышэння надзейнасці работы абсталявання.

Міжнародная канферэнцыя "Электрасталь: тэхналогія, абсталяванне, матэрыялы" - маштабны форум, які штогод збірае прадстаўнікоў галіны з розных краін. Ён арыентаваны на тэхнічных кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў чорнай металургіі, дзе выкарыстоўваюцца дугавыя сталеплавільныя печы.

Важным блокам форуму з'яўляецца практычная частка - наведванне прадпрыемстваў, у час якога металургі атрымліваюць магчымасць азнаёміцца з вопытам і дасягненнямі сваіх калег. "У бягучым годзе ў якасці такой пляцоўкі быў выбраны Беларускі металургічны завод. Удзельнікі канферэнцыі выказалі цікавасць да вопыту БМЗ у плане нарошчвання аб'ёмаў вытворчасці і пашырэння асартыменту прадукцыі пры забеспячэнні ўстойлівай і надзейнай работы сталеплавільнай вытворчасці", - расказалі на прадпрыемстве.

ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" - высокатэхналагічнае прадпрыемства металургічнай галіны Беларусі. Структурна складаецца з чатырох вытворчасцей, звязаных адным тэхналагічным ланцужком, - металургічнай, пракатнай, трубнай, метызнай і цэхаў інфраструктуры. Штогод больш за 80 працэнтаў выпускаемай БМЗ прадукцыі адпраўляецца на экспарт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі