Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 сакавіка 2020, 19:12

Меры для стабільнай работы эканомікі Беларусі на фоне каранавіруса практычна гатовы - Румас

26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не засталася ўбаку ад эканамічнага шторму, выкліканага каранавірусам. З улікам гэтага распрацаваны праект комплексу мер па забеспячэнні стабільнай работы эканомікі, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У сувязі з эпідэміялагічнымі працэсамі ў свеце імкліва мяняецца эканамічная сітуацыя. Бягучы стан спраў у сусветнай эканоміцы ўжо атрымаў трапнае азначэнне "цунамі эканамічнага разбурэння". Беларусь, нягледзячы на кантралюемую абстаноўку па распаўсюджванні каранавіруса, не засталася ўбаку ад эканамічнага шторму", - адзначыў Сяргей Румас.

Паводле яго слоў, некаторыя галіны найбольш залежаць ад бягучых працэсаў і аказаліся ў даволі складанай сітуацыі. Не працуюць традыцыйныя лагістычныя ланцугі, заключаныя кантракты не выконваюцца. "Сітуацыя ўскладняецца тым, што гэты працэс пакуль толькі нарастае і тэрміны аднаўлення няясныя. У такіх умовах бізнес чакае пэўных дзеянняў і падтрымкі і хоча ведаць, чым дзяржава можа дапамагчы, як падставіць плячо, каб не патануць у гэты складаны перыяд", - сказаў прэм'ер-міністр.

Па даручэнні ўрада, Мінэканомікі разам з зацікаўленымі распрацавала і ўнесла пакет мер па забеспячэнні стабільнай работы эканомікі. Планавалася правесці пасяджэнне Прэзідыума Саўміна ў аўторак, 31 сакавіка. Разам з тым прапанаваныя меры былі загадзя падрабязна абмеркаваны з шырокім колам удзельнікаў, уключаючы Нацыянальны банк і Адміністрацыю Прэзідэнта. "У цэлым пазіцыі ўдзельнікаў па прапанаваным наборы мер істотна зблізіліся, і мы выйшлі на ўзгодненыя рашэнні. Спрэчных пытанняў практычна не засталося. Улічваючы гэта, вырашылі не зацягваць з абмеркаваннем і правесці пасяджэнне Прэзідыума сёння", - растлумачыў Сяргей Румас.

Кіраўнік урада падзякаваў старшыні праўлення Нацыянальнага банка Паўлу Калауру за аператыўныя рашэнні, прынятыя ў крэдытнай сферы. Прэм'ер-міністр прывёў кіраўнікам дзяржорганаў Нацбанк у прыклад, як трэба аператыўна рэагаваць у такой сітуацыі.

Шэраг мер, якія сёння абмяркоўваюцца, будзе патрабаваць адабрэння і прыняцця рашэння кіраўніком дзяржавы. Па выніках пасяджэння плануецца ўнесці адпаведныя прапановы Прэзідэнту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі