Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 жніўня 2020, 10:25

Мазырскі НПЗ у 1,3 раза павялічыў выпуск бітуму ў ліпені

11 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Мазырскі НПЗ" у 1,3 раза павялічыў аб'ём выпуску бітуму па выніках ліпеня. Устаноўлены новы вытворчы рэкорд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.

У гэтым сезоне рэалізацыю бітуму на Мазырскім НПЗ пачалі пазней з-за работы ва ўмовах абмежаванай пастаўкі сыравіны ў першым квартале. Паступова набіралі абароты, і ў ліпені выпрацаваны і рэалізаваны рэкордны аб'ём запатрабаванага у дарожнай галіне нафтапрадукту.

"У гісторыі прадпрыемства такога аб'ёму яшчэ не было. Нядаўна мы ставілі планку вырабляць і рэалізоўваць 60 тыс. т бітуму. У ліпені выйшлі на паказчык 83 тыс. т. Думаю, гэта не мяжа", - расказаў генеральны дырэктар ААТ "Мазырскі НПЗ" Віталь Паўлаў.

Палескі нафтапрадукт запатрабаваны на ўнутраным рынку, а таксама за мяжой. У 2019 годзе рэалізавана 518 тыс. т. Разам з традыцыйнымі рынкамі былі наладжаны пастаўкі ў Камерун. У гэтым годзе павысіўся попыт на мазырскі бітум у суседняй Украіне, дзе на дарожнае будаўніцтва з дзяржаўнай казны выдзелены значныя сродкі.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод уведзены ў эксплуатацыю ў 1975 годзе, у ААТ пераўтвораны ў 1994-м. Асноўныя віды дзейнасці завода - перапрацоўка нафты, вытворчасць і рэалізацыя нафтапрадуктаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі