Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 сакавіка 2020, 15:24

МАРГ: у аўтаперавозчыкаў будзе некалькі варыянтаў заключэння дагавора з пасажырскім тэрміналам

30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўрэгулявала адносіны пасажырскіх тэрміналаў з аўтамабільнымі перавозчыкамі. Гэта прадугледжана пастановай МАРГ нумар 21 ад 18 сакавіка 2020 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе міністэрства.

З уступленнем пастановы ў сілу ў перавозчыкаў будуць некалькі варыянтаў заключэння дагавора з пасажырскім тэрміналам - толькі па прадастаўленні месца для пасадкі-высадкі пасажыраў, толькі на рэалізацыю білетаў, багажных квітанцый або на аказанне абедзвюх паслуг. У першым выпадку з перавозчыка будзе спаганяцца плата ў памеры не больш за Br3 (без ПДВ) за заезд, у другім - не больш за 12 працэнтаў ад кошту кожнага рэалізаванага білета з ПДВ. Пры адначасовым аказанні тэрміналам абедзвюх паслуг без колькасных абмежаванняў па рэалізацыі білетаў перавозчыку неабходна будзе заплаціць не больш за 15 працэнтаў ад кошту кожнага рэалізаванага білета з ПДВ. "Пасажырскія тэрміналы самастойна вызначаюць памер тарыфаў на аплату сваіх паслуг, але не вышэй за абазначаныя ў пастанове максімальныя значэнні", - падкрэслілі ў МАРГ.

У міністэрстве расказалі і аб прычынах прыняцця пастановы нумар 21. У снежні мінулага года ўступіла ў сілу пастанова МАРГ ад 6 снежня 2019 года нумар 94, згодна з якой былі ўстаноўлены гранічныя максімальныя тарыфы на паслугі транспартных тэрміналаў, што аказваюцца аўтаперавозчыкам (пры міжгародніх перавозках пасажыраў у рэгулярных зносінах). Падыходы, прапанаваныя МАРГ, адобрылі ўсе зацікаўленыя - аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, аўтамабільныя перавозчыкі і іх асацыяцыі. Аднак пасля прыняцця гэтай пастановы ўзнік шэраг пытанняў па яе прымяненні.

Раней асобныя аўтаперавозчыкі, маючы дагавор на аказанне пасажырскім тэрміналам паслугі па рэалізацыі білетаў, па факту давалі тэрміналу 1-2 білеты на рэалізацыю, адначасова карыстаючыся паслугай па прадастаўленні платформы. Такім чынам, паслугі аказваліся аўтаперавозчыку за нязначную плату, якая не пакрывае расходы тэрмінала. Пастановай МАРГ нумар 94 гэтыя паслугі былі раздзелены і вызначаны адпаведныя максімальныя тарыфы, вышэй за якія плату пасажырскія тэрміналы за аказанне гэтых паслуг устанавіць не маглі.

Практыка прымянення склалася такім чынам, што аўтаперавозчыкам, якія выконваюць міжгароднія перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, неабходна было аплачваць аказанне дзвюх паслуг. Аднак уладальнікі тэрміналаў пры ўстанаўленні тарыфаў за паслугу па прадастаўленні месца для спынення аўтобуса для пасадкі-высадкі пасажыраў не ўлічвалі загрузку транспартнага сродку і кошт праезду, што магло прывесці да пагаршэння фінансавага стану часткі перавозчыкаў.

Для ўрэгулявання праблемнай сітуацыі на рынку пасажырскіх перавозак, а таксама выпрацоўкі ўзаемапрымальных рашэнняў для ўсіх удзельнікаў перавозачнага працэсу на пляцоўцы МАРГ былі праведзены рабочыя сустрэчы з зацікаўленымі. У выніку было прынята рашэнне даць перавозчыкам права выбару пры заключэнні дагавора з пасажырскім тэрміналам.

Пастанова нумар 21 уступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі