Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 красавіка 2021, 12:42

МАРГ растлумачыў алгарытм работы гандлю ў сувязі з забаронай на рэалізацыю шэрага тавараў

27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю растлумачыла алгарытм работы для суб'ектаў гандлю з улікам пастановы Савета Міністраў ад 23 красавіка 2021 года нумар 240 "Аб прымяненні спецыяльных мер", якой устаноўлены пералік тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на сайце МАРГ, паведамляе БЕЛТА.

У пералік забароненых унесены тавары груп кампаній Liqui Moly, Skoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8x4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me). Гэты пералік дзейнічае на працягу шасці месяцаў. "Пастанова не распаўсюджваецца на ўвозімыя грамадзянамі ў Беларусь тавары для асабістага карыстання, транспартныя сродкі, якія зарэгістраваны ў дзяржавах - членах Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама часова ўвозяцца на мытную тэрыторыю ЕАЭС", - растлумачылі ў МАРГ.

Кантроль за рэалізацыяй на тэрыторыі Беларусі забароненых тавараў ускладзены на Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства па падатках і зборах і яго тэрытарыяльныя органы, падраздзяленні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

Выкананне гэтых забарон МАРГ уключыў у пералік пытанняў, што будуць разглядацца падчас кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў. У выпадку выяўлення забароненых тавараў у гандлёвых аб'ектах, на рынках, выстаўках, кірмашах, у інтэрнэт-магазінах і глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт асобам, якія вядуць такі гандаль, будзе выдавацца прадпісанне на забарону рэалізацыі.

Пастановай таксама вызначаны парадак уліку і рэалізацыі астаткаў забароненых тавараў, увезеных у Беларусь да ўступлення ў сілу пастановы. "Суб'екты гандлю, у якіх на дату ўступлення дакумента ў сілу будуць знаходзіцца астаткі забароненых тавараў, прыпыняюць аптовы і рознічны гандаль такімі таварамі, на працягу пяці рабочых дзён праводзяць інвентарызацыю іх астаткаў і афармляюць інвентарызацыйны вопіс. Пад інвентарызацыю падпадаюць таксама астаткі тавараў у адкрытай спажывецкай упакоўцы з пазначэннем іх аб'ёму (масы)", - звярнулі ўвагу ў МАРГ.

Пасля гэтага не пазней за пяць рабочых дзен з даты складання такога вопісу суб'екты гандлю прадстаўляюць два яго экзэмпляры ў падатковую інспекцыю па месцы пастаноўкі на ўлік і на працягу 60 каляндарных дзён забяспечваюць маркіроўку астаткаў такіх тавараў спецыяльнымі кантрольнымі знакамі, якія наносяцца на спажывецкую ўпакоўку тавару. Рэалізуе спецыяльныя кантрольныя знакі РУП "Выдавецтва "Белбланкавыд" на платнай аснове на падставе копіі інвентарызацыйнага вопісу, які паступіў з інспекцыі МПЗ.

Пасля маркіроўкі астаткаў такіх тавараў спецыяльнымі кантрольнымі знакамі суб'екты гандлю змогуць прадоўжыць іх далейшую рэалізацыю. Пры гэтым астаткі гэтых тавараў у адкрытай спажывецкай упакоўцы рэалізуюцца або выкарыстоўваюцца без маркіроўкі іх спецыяльнымі кантрольнымі знакамі на працягу 60 каляндарных дзён з даты правядзення інвентарызацыі, але не больш за ўстаноўлены тэрмін годнасці.

"Асобы, якія парушаюць забарону на рэалізацыю забароненых тавараў, будуць прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам", - падкрэслілі ў міністэрстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі