Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 лютага 2020, 13:03

МАРГ падрыхтаваў рэкамендацыі па выкананні палажэнняў дактрыны харчовай бяспекі

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэкамендацыі па выкананні палажэнняў Дактрыны нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года былі адобраны на пасяджэнні калегіі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МАРГ.

Харчовая незалежнасць дзяржавы ацэньваецца па дзесяці групах прадуктаў (збожжа, малако, мяса, цукар, алей, бульба, агародніна, садавіна і ягады, яйкі, рыба). Сярод галоўных крытэрыяў дасягнення мэты, устаноўленай дактрынай, - зніжэнне долі харчовых тавараў імпартнай вытворчасці ў аб'ёме продажаў арганізацый гандлю на ўнутраным рынку да 15 працэнтаў да 2020 года і да 14 працэнтаў да 2030 года. "Разам з тым па выніках 2019 года доля імпартных харчовых тавараў у продажы арганізацыямі гандлю склала 22,5 працэнта. Высокай застаецца доля асобных імпартных прадуктаў у рознічным тавараабароце арганізацый гандлю: садавіны - 91,6 працэнта, алею - 88 працэнта, рыбы - 81,4 працэнта, грэцкіх круп - 72,6 працэнта, кандытарскіх вырабаў з цукру - 49,4 працэнта, фруктовых і агароднінных сокаў - 37,5 працэнта, макаронных вырабаў - 35,8 працэнта, дзіцячага харчавання - 32,4 працэнта", - адзначылі ў МАРГ.

У першым паўгоддзі 2019 года назіраўся апераджальны рост рознічных цэн над цэнамі вытворцаў па асобных сацыяльна значных таварах. У сувязі з гэтым у жніўні быў праведзены маніторынг цэнавай сітуацыі. Паводле яго вынікаў міністэрства распрацавала рэкамендацыі па гранічных максімальных узроўнях гандлёвых надбавак на гэтыя тавары. Гэта мера дапамагла стабілізаваць сітуацыю. Па выніках года рост цэн на сацыяльна значныя тавары запаволіўся і па некаторых склаўся ніжэйшы за мэтавы параметр, напрыклад, па мясе і мясапрадуктах (на 1,3 працэнта), рыбе і рыбапрадуктах (3,6 працэнта), хлебе і хлебабулачных вырабах (4,8 працэнта), сырах (3,5 працэнта), макаронных вырабах (3,4 працэнта), на агародніну адзначаецца зніжэнне цэн на 6 працэнтаў. Разам з тым у 2019 годзе назіраўся павышаны рост цэн на малако і малочныя прадукты (7,9 працэнта), масла (10,1 працэнта), пшанічную муку (7,8 працэнта), крупы і бабовыя (11,1 працэнта), бульбу (10,8 працэнта).

У сувязі з гэтым МАРГ падрыхтаваў рэкамендацыі па выкананні палажэнняў дактрыны і падтрыманні цэнавай стабільнасці. У прыватнасці, суб'ектам гандлю рэкамендуецца дасягнуць удзельнай вагі айчынных харчовых тавараў у аб'ёме рознічнага тавараабароту па выніках кожнага квартала 2020 года і па году ў цэлым на ўзроўні не ніжэйшым за 85 працэнтаў (аптымістычны сцэнарый) або 80 працэнтаў (недастатковы). На думку МАРГ, размяшчаць тавары айчыннай вытворчасці трэба ў візуальна і фізічна даступных месцах, абазначаць іх спецыяльнай шыльдай або надпісам "Сделано в Республике Беларусь/Зроблена ў Беларусi" або аналагічнымі сродкамі. А пры фарміраванні рознічных цэн суб'ектам гандлю неабходна кіравацца рэкамендацыямі па гранічных максімальных узроўнях гандлёвых надбавак на сацыяльна значныя тавары на 2020 год.

Вытворцам і пастаўшчыкам тавараў пры прыняцці рашэнняў аб павышэнні адпускных цэн рэкамендуецца захоўваць мяжу іх павышэння па выніках 2020 года: яна павінна быць не вышэйшая за прагнозны ўзровень базавай інфляцыі (4 працэнты). Неабходна забяспечыць адзіны падыход пры фарміраванні адпускных цэн на аналагічную прадукцыю пры пастаўцы на ўнутраны рынак і ў дзяржавы - члены ЕАЭС. Акрамя таго, МАРГ рэкамендуе абмежаваць сукупны памер любых узнагарод (прэмій, бонусаў і іншых плацяжоў), што прадастаўляюцца вытворцам або пастаўшчыком сацыяльна значных харчовых тавараў суб'екту гандлю, каб яны не перавышалі 5 працэнтаў ад цаны гэтых тавараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі